7 снежня 2025, Нядзеля, 7:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адкуль у жанчыны могуць быць 500 еўра

8
Адкуль у жанчыны могуць быць 500 еўра

Беларусы расказалі пра свае прыгоды пры абмене валюты.

Пасля шматлікіх скаргаў Нацыянальны банк вырашыў, што купюра з плямай або кропкай пад ультрафіялетам таксама лічыцца прыдатнай да разлікаў.

Ex-press.by спытаў у чытачоў, ці сутыкаліся яны з праблемамі пры абмене валюты. Высветлілася, што праблем было шмат.

Аляксей, Мінск:

— Аднойчы летась паспрабаваў абмяняць сто долараў, якія прывёз з паездкі. Банкнота была цалкам нармальная, толькі трохі надраны куточак. У адным абменніку сказалі: «Не, такія не прымаем». Пайшоў у іншы — прынялі без праблем. Спадзяюся, што змякчаныя патрабаванні зэканомяць людзям нямала нерваў.

Святлана:

— Бацькі з Польшчы перадалі мне еўра на дзень нараджэння, а ў абменніку ў «Весце» сказалі, што на купюры пляма пад ультрафіялетам. Я ўвогуле не разумела, пра што гаворка — на выгляд чыстая, як новая. Давялося ехаць у Жодзіна, дзе знаёмая касірка дапамагла памяняць.

Ігар:

— Працую ў сферы лагістыкі, часта маю справу з валютай. Часам вадзіцелі прывозяць наяўныя з розных краін, і бывала, што банк адмаўляўся іх прымаць з-за нейкіх мікраскапічных плямак. Аднойчы цэлая пачка купюр па 50 долараў «завісла» — давялося мяняць праз знаёмых. Калі цяпер пад УФ-лямпай не будуць прыдзірацца да кожнага бліку — толькі плюс.

Марына:

— У мяне была смешная сітуацыя: у 2022 годзе банк не прыняў дваццацатку, бо ў яе было «нераўнамернае ззянне» пад ультрафіялетам. Я тады ўпершыню ўвогуле пра такое пачула. Думала, можа, падробка, але ў Літве тую ж купюру спакойна прынялі ў кафэ. Падаецца, нашы банкі занадта перастрахоўваліся. Добра, што цяпер стала прасцей.

Сяргей:

— Мне часта плацяць за рамонт кватэр у доларах. І бывалі праблемы, асабліва калі купюры не зусім новыя. Раз ці два нават адмовіліся прыняць, бо «пад ультрафіялетам нешта свеціцца». Дзіўна, што гэта ўвогуле было крытэрыем. Бо людзі ж не на друкарні грошы робяць, а проста мяняюць тое, што ёсць.

Ларыса:

— Мая сястра жыве ў Германіі, і ўжо некалькі гадоў таму, на Каляды, падарыла мне 500 еўра — проста як знак падтрымкі. Мы з мужам пайшлі ў абменнік, каб памяняць іх на беларускія рублі, ды замест грошай атрымалі… міліцыю. Касірка выклікала, бо «адкуль у беларускай жанчыны могуць быць 500 еўра». У выніку замест шопінгу правялі паўдня ў ГАУС, тлумачылі, што грошы сапраўдныя і падарунак ад сваякоў. Пасля таго выпадку нават баялася зноў заходзіць у абменнік.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках