«Азоў» адбіў механізаваны штурм РФ пад Добраполлем
- 13.10.2025, 20:55
- 4,040
Акупанты панеслі вялікія страты.
Сёння на Добрапольскім напрамку ўкраінскія абаронцы адбілі чарговую масіраваную атаку расійскіх войскаў.
Пра гэта паведамляе прэс-служба 1-га корпуса НГУ «Азоў».
Паводле дадзеных падраздзялення, вораг кінуў у наступленне 16 адзінак цяжкай бранятэхнікі, сярод якіх былі БМП, МТЛБ і танкі. Расійскія войскі спрабавалі прарваць абарону Узброеных Сіл Украіны ў кірунку населеных пунктаў Мірнаград і Разіна, засяродзіўшы асноўныя намаганні на захопе вёскі Шахава.
Падчас баёў украінскія падраздзяленні знішчылі 9 баявых машын пяхоты, 4 бранятранспарцёры, 3 танкі і 3 матацыклы. Страты праціўніка склалі 78 ваеннаслужачых.
Як адзначаюць у «Азове», расіяне зноў ужылі тыповую тактыку: у першай хвалі наступу дзейнічалі матацыклісты, за якімі рухалася бранятэхніка з дэсантам. Выкарыстоўваючы сістэмы радыёэлектроннай барацьбы для падаўлення ўкраінскіх дронаў, вораг спрабаваў высадзіць пяхоту ў населеных пунктах, каб замацавацца і развіць наступ.
Аднак дзякуючы загадзя праведзенаму мінiраванню тэрыторыі, а таксама скаардынаваным дзеянням артылерыі, Нацгвардыі, падраздзяленняў беспілотных сістэм і Узброеных Сіл Украіны, атаку было цалкам сарвана.
У камандаванні падзякавалі вайскоўцам Дэсантна-штурмавых і Штурмавых войскаў, Нацыянальнай гвардыі, Сухапутных войскаў, Паветраных сіл, ДПСУ, Сіл беспілотных сістэм, Сіл лагістыкі і падтрымкі за мужнасць і прафесіяналізм падчас адбіцця штурму.