«Хутка ямо, а як жа — кліенты чакаюць»
1- 14.10.2025, 10:31
- 2,470
Ці можна беларусам скараціць абед на паўгадзіны і раней сыходзіць з працы?
Прадстаўнік праўладнага прафсаюза будаўнічай галіны патлумачыў у TikTok, ці можна дамовіцца з наймальнікам скараціць абед і раней сыходзіць з працы. Аказваецца, такая магчымасць прапісаная ў Працоўным кодэксе, адзначае «Зеркало».
Адна з карыстальніц сацсеткі спытала, ці можна скараціць абедзенны перапынак, а за кошт зэканомленага часу раней сыходзіць з працы. Спецыяліст прызнаў, што гэта магчыма.
«Згодна з арт. 134 Працоўнага кодэксу работнікам прадастаўляецца цягам працоўнага дня перапынак для адпачынку і харчавання працягласцю не менш за 20 хвілін і не больш за 2 гадзіны. Адпаведна, любая варыятыўнасць працягласці перапынку для адпачынку і харчавання ўсталёўваецца правіламі ўнутранага працоўнага распарадку або па ўзгадненні з наймальнікам», — патлумачыў прадстаўнік праўладнага Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамбудматэрыялаў.
Аднак у каментарах некаторыя засумняваліся, што з наймальнікам атрымаецца дамовіцца. Акрамя таго, судзячы з водгукаў пад ролікам, высветлілася, што некаторыя работнікі нават не ведаюць, ці належыць ім абед.
«Падкажыце, калі ласка, а калі працуеш па 12 гадзін, перапынак на абед павінен быць ці не?»
«Гэта даўно ўжо можна рабіць, калектыўны дагавор зрабіць — і наперад».
«З начальнікам паспрабуй дамовіцца. І з калектывам».
«Працую 12 гадзін, аплачваюць 11. Але абед — 30 хвілін. Начальніца кажа: і мы хутка ямо, а як жа — кліенты чакаюць. Дык што рабіць?»
«Перапынак прадастаўляецца згодна з кантрактам або калектыўным дагаворам прадпрыемства для ўсіх, а цяпер яшчэ і ўваход/выхад па картках, — адзначыў адзін з каментатараў і ўдакладніў: — Скараціўшы абед на паўгадзіны, у 16:30 не сыдзеш, калі працоўны дзень да 17:00, бо па картцы табе трэба адзначыцца пасля 17:00».