Планы лукашыстаў адносна «дармаедаў» праваліліся
8- 14.10.2025, 11:06
- 6,992
Паўгода на Гомельшчыне спрабуюць уладкаваць на працу «нязайнятых у эканоміцы».
Ужо больш за паўгода ў Беларусі і ў Гомельскай вобласці ў прыватнасці ўлады працягваюць «адпрацоўку» так званых «нязайнятых у эканоміцы», выдаткоўваючы на гэта вялікія рэсурсы.
З улікам тэмпаў сумеснай працы міліцыі і чыноўнікаў, якая пачалася з 1 красавіка, паводле падлікаў «Флагштока», дабрацца да канца спісу з «базы дармаедаў» камісіі на Гомельшчыне павінны былі ў кастрычніку.
Высветлілася, што «адпрацоўка» яшчэ ў самым разгары, а пра вынікі такой дзейнасці нічога не паведамляецца.
Наколькі эфектыўнай была праца сілавікоў і чыноўнікаў па працаўладкаванні афіцыйна беспрацоўных, дзяржаўныя рэсурсы звестак не падаюць.
Вось і чарговыя мерапрыемствы ў райцэнтрах, што прайшлі ў кастрычніку, завяршыліся, верагодна, нічым: выкліканых на пасяджэнні «дармаедаў» пазнаёмілі з наяўнымі вакансіямі, але пра тое, што хто-небудзь з іх пагадзіўся на працаўладкаванне, у справаздачах нічога не сказана.

Разбіраць справы сельскіх «дармаедаў» даручана чыноўнікам вышэйшых раённых узроўняў. У Буда-Кашалёўскім раёне выязное пасяджэнне камісіі праводзіў старшыня раённага «савета дэпутатаў» Сяргей Халдай на базе Крыўскага сельвыканкама. Так званая камісія эпічна размясцілася за сталом з чырвона-зялёнымі абрусамі, што падкрэслівала важны дзяржаўны характар справы.
Апрацоўваць непрацуючых прыехалі і начальнік РАУС, і галоўны ўрач райбальніцы, і намеснік начальніка РАНС, які скарыстаўся магчымасцю і паказаў «дармаедам» фільм пра меры пажарнай бяспекі.

Па сутнасці ж беспрацоўным прапанавалі вакансіі ў ААТ «Гомельлен» і КСУП «Крыўск», «давялі інфармацыю аб наяўных вакансіях у арганізацыях раёна». На гэтым — усё.
У Светлагорску падобнае пасяджэнне таксама ўзначальвала старшыня раённага «савета дэпутатаў». Цікава, што калі на фота з Крыўска «дармаеды» пераважна жанчыны, то ў Светлагорску — мужчыны, прычым многія маладыя. Ім прапанавалі працу на ААТ «СветлагорскХімвалакно», ААТ «Светлагорскі ЦКК» і ААТ «Светлагорскі завод ЖБІіК».

Пра згоду каго-небудзь на працаўладкаванне таксама нічога не паведамляецца.