8 снежня 2025, панядзелак, 1:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Увесь дзень хадзіла з чамаданам і не ведала, што рабіць»

13
«Увесь дзень хадзіла з чамаданам і не ведала, што рабіць»

Беларуска пасля паездкі ў Турцыю засталася без грошай і выплачвае чужую растэрміноўку.

Лета ў Турцыі здавалася Амаліі казкай. Пасля вымушанай эміграцыі з Беларусі яна нарэшце сустрэлася з найлепшай сяброўкай. А яшчэ пазнаёмілася з ідэальным мужчынам — мясцовым диджэем, — з якім яны ўжо планавалі супольную будучыню.

Цяпер ад таго кахання засталася хіба што растэрміноўка за дарагі тэлефон, які Амалія набыла каханаму. Магамед аказаўся звычайным махляром, у якога пастаянна знаходзіліся падставы папрасіць у жанчыны грошай.

Сваёй гісторыяй Амалія падзялілася з MOST. Імёны ў матэрыяле зменены.

«Прыстойны хлопец у светлых штанах»

Амалія разам з сям’ёй з’ехала з Беларусі пасля «выбараў» 2020 года — на яе і яе маці там узбуджаныя крымінальныя справы. Дзяўчына абаснавалася ў Польшчы. Прызнаецца, што адчувала адзіноту і выгаранне: жыццё нібы падзялілася на «да» і «пасля», і гады да эміграцыі здаваліся бязклапотнымі.

— Часам мне здаецца, што я ўнутры скаменела і больш не ажыву зноў, — распавядае яна.

Калі нарэшце з’явілася магчымасць сустрэцца з сяброўкай, якую Амалія не бачыла тры гады, гэта здавалася пачаткам чагосьці добрага.

Дзяўчаты сустрэліся ў Кемеры і пачалі шукаць, чым заняцца ў вольны час. Так яны апынуліся ў турагенцтве, дзе ім прапанавалі бясплатны начны тур на яхце — такія акупляюцца коштам дарагіх алкагольных напояў і страў, якія пасажыры заказваюць на борце.

Там Амалія ўпершыню ўбачыла «прыстойнага хлопца ў светлых лляных штанах і кашулі». Ён здаваўся ўпэўненым, ветлівым, «галоўным сярод усіх», яшчэ і діджэем. Сяброўкі крыху патанцавалі, сфатаграфаваліся з диджэем і разышліся.

«Адчула сябе асаблівай»

Наступным днём дзяўчаты пайшлі на прагулку па горадзе, і сяброўка заўважыла кампанію хлопцаў у кавярні. Сярод іх быў той самы діджэй — Магамед. Дзяўчаты далучыліся да кампаніі.

— Магамед ужо быў нападпітку, але размова ішла пра сям’ю, дзяцей, пра ўсё. Мне здавалася, што ў нас сувязь, — успамінае Амалія.

Пазней ён павёў сябровак на «дарагі прыватны пляж».

— Ён размаўляў з уладальнікам як з падначаленым, паводзіў сябе дамінантна. Заказаў нам віно, паклікаў прадаўца з дзвюма ахапкамі руж і падарыў усё мне. Гэта было эфектна, як успышка. Я адчула сябе асаблівай, — распавядае дзяўчына.

Сяброўка сышла, Амалія засталася з новым знаёмым.

— Ён паводзіў сябе як гаспадар жыцця — з таксістамі, з сябрамі. На развітанне — пяшчотны пацалунак. Ранкам паведамленне: «Дай ведаць, ці ўсё ў цябе добра, сонейка», — успамінае беларуска.

Часам у Амаліі ўзнікалі сумненні, але ў такія моманты мужчына паўтараў, што калі б хацеў проста выкарыстаць яе, то ўжо перастаў бы пісаць, бо ўсё атрымаў у першы ж вечар.

Але Магамед здаваўся не з такіх — гаварыў пра супольную будучыню, пра дзяцей, пра знаёмства з бацькамі. Пры сябрах захапляўся беларускай, паўтараў, што яна «можа на яго абаперціся, бо ён моцны мужчына».

Цяпер Амалія прызнае, што ягоная ўпэўненасць і ветлівасць рабілі сваю справу. І дзяўчына не заўважала трывожных сігналаў — занадта хуткіх прызнанняў і нестыковак у аповедах.

Першыя трывожныя званочкі — айфон і рахунак у рэстаране

Яшчэ ў дзень знаёмства Магамед сказаў, што ў Турцыі дзейнічае правіла: калі не зарэгістраваць тэлефон, яго блакуюць. Таму ён папрасіў Амалію ўзяць айфон у растэрміноўку ў Польшчы на сваё імя, а плаціць будзе сам, перасылаючы ёй грошы праз Western Union. Тлумачыў, што «ў Турцыі тэлефоны значна даражэйшыя», а ў яго «часова няма сродкаў».

— Ён паводзіў сябе вельмі праўдападобна, рабіў жэсты клопату, і я падумала, што ёсць нейкая тэхнічная прычына, чаму ён не можа купіць тэлефон сам. Ён казаў, што прыехаў працаваць диджэем з іншай краіны і выглядаў упэўнена — вось я і не ўсумнілася, — кажа Амалія.

Пазней у рэстаране, дзе яны разам вячэралі з сябрамі, Магамед папрасіў яе аплаціць рахунак.

— Карты заблакаваныя, потым аддам, калі прыеду праводзіць цябе ў аэрапорт, — успамінае яго тлумачэнне Амалія.

Але праводзіць яе ў аэрапорт Магамед не прыехаў і грошай не вярнуў.

Папрасіў у доўг 1000 еўра і заказаў прыладу для курэння

Тым не менш, нягледзячы на сумненні, Амалія праз месяц вырашыла паехаць да Магамеда зноў.

— Тады мне здавалася, што я абавязаная пераканацца, што я ў ім не памыляюся — нібыта ад гэтага залежала, ці магу я ўвогуле зноў давяраць людзям, — кажа дзяўчына.

Квіткі туды-назад каштавалі 1900 злотых, плюс за некалькі дзён да вылету ён папрасіў 1000 еўра ў доўг, тлумачачы гэта тым, што ўсе рахункі заблакаваныя і ён не можа скарыстацца сваімі сродкамі. Акрамя гэтага, каханы «заказаў» ёй прыладу для награвання тытуню IQOS.

Перш за ўсё ў аэрапорце ён спытаў, ці прывезла дзяўчына тэлефон, грошы і IQOS. Тэлефон і грошы яна прывезла, а вось прыладу не купіла. Пачуўшы гэта, ён захацеў забраць яе ўласную за паўцаны.

— Я адмовілася — і пачаліся свары. Ён два дні «капаў на мазгі», казаў, што я яму не патрэбная, што я павінна прыбірацца з кватэры, — успамінае Амалія.

«Увесь дзень хадзіла з чамаданам і не ведала, што рабіць»

Самалёт назад быў праз 10 дзён, а грошай на гатэль не засталося. Дый па дапамогу звярнуцца, здавалася, не было да каго: перад паездкай Амалія пасварылася з мамай і бабуляй, якія яшчэ з 1990-х чулі гісторыі пра турэцкіх мужчын, што ўмелі ўваходзіць у давер да жанчын, завальваючы іх кветкамі і абяцаннямі.

— Я ўвесь дзень хадзіла з чамаданам па Кемеры, не ведала, што рабіць, пакуль не зайшла ў рэстаран, дзе ўладальнік — знаёмы мужчына з Азербайджана. Ён сказаў: «Патэлефануй маме, папрасі дапамогі», — успамінае Амалія.

Мама перавяла грошы, і Амалія зняла гатэль — ён абышоўся ў 1600 злотых.

Магамед не знік — наадварот, пачаў пісаць абразы. Сярод іх былі такія: «Ты распусная, ты спіш з усімі мужчынамі Кемера, табе важныя толькі грошы». І чамусьці пастаянна нагадваў пра не набыты IQOS.

Усяго за два месяцы знаёмства Амалія патраціла каля 3500 злотых на квіткі і пражыванне, аддала 1000 еўра «ў доўг» і працягвае выплачваць крэдыт за тэлефон, аформлены на сябе.

Сорам, злосць і палёгка

Амалія прызнаецца, што распазнала махляра, калі той выгнаў яе з кватэры. Гэта было на трэці дзень яе другой паездкі.

— У той момант я зразумела: гэта быў скамер (ад англ. love scam — любоўнае махлярства. — Заўв.). Сапраўдны махляр, які жыве за кошт даверлівых дзяўчат: хутка ўступае ў кантакт, робіць шчодрыя жэсты, вядзе размовы пра будучыню, пасля просіць пра часовую дапамогу з-за «заблакаваных карт», а атрымаўшы грошы — абясцэньвае і знікае, — кажа Амалія.

Пазней Амалія даведалася ад таго самага знаёмага ўладальніка рэстарана, што Магамед рэгулярна прыводзіць у ўстанову новых турыстак, а потым яны дасылаюць яму грошы. Гэта пацвердзіў і саўладальнік яхты, дзе яны пазнаёміліся.

— У мяне змяшаліся злосць, сорам, страх, смутак. Напрыканцы я проста адчула сябе поўнай дурніцай, — кажа Амалія.

Першымі, каму яна распавяла гісторыю, былі мама і сяброўка.

— Для іх гэта было чакана, і ад гэтага зрабілася яшчэ больш балюча: нібыта ўсё было відавочна, а я не заўважыла, — дадае дзяўчына.

Тым не менш і мама, і сяброўка падтрымалі дзяўчыну пасля вяртання.

Амалія не звярталася ў паліцыю, у банк або да аператара сувязі: баялася, што ёй не павераць, а распісак ці нават перапіскі, дзе гаварылася б пра доўг, не было. А яшчэ ёй было страшна, што грамадства ўспрыме яе як «наіўную турыстку», а не як ахвяру.

— Я проста трапіла ў рукі вопытнага маніпулятара. Але, прамовіўшы гэта ўголас, я адчула шалёную палёгку, — кажа Амалія.

«Гэта не каханне — гэта схема»

Пасля перажытага Амалія змяніла стаўленне да знаёмстваў. Але прызнаецца, што ўсё яшчэ лёгка верыць людзям. Аднак базавыя парады, як распазнаць махляра, дае.

— Калі мужчына ўжо на першых сустрэчах скардзіцца, што ў яго заблакаваныя карты або хутка адключаць тэлефон, — гэта не каханне, гэта схема. Трэба быць больш скептычнымі да гучных слоў і паказной шчодрасці, — раіць Амалія.

Працуюць такія схемы, на яе думку, таму што дзяўчаты хочуць верыць у казку і многія «любяць вушамі». Поспех махляроў трымаецца на даверы ахвяр, адзіноце і культурных адрозненнях.

— Цяпер я ўжо не плачу, калі думаю пра яго. Але кожны раз, калі чую слова «Кемер», у мяне перад вачыма той пляж, ружы і мой твар — наіўны і шчаслівы. Тады я не ведала, што казкі часам пішуць махляры, — рэзюмуе Амалія.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках