Расіяне атакавалі беспілотнікамі і артылерыяй гуманітарны канвой ААН
4- 14.10.2025, 11:46
- 7,730
Удар нанесены па грузавіках з маркіроўкай WFP.
Расійскія акупанты раніцай 14 кастрычніка атакавалі грузавікі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Херсонскай вобласці Украіны, якія належалі Упраўленню па каардынацыі гуманітарных спраў. Пра гэта паведаміў кіраўнік ОВА Аляксандр Пракудзін, піша New Voice.
Паводле яго слоў, грузавікі гуманітарнай місіі патрапілі пад абстрэл у Белазёрскай грамадзе. Расіяне прыцэльна білі па іх з беспілотнікаў і артылерыі.
Чатыры грузавікі з маркіроўкай WFP, што везлі дапамогу насельніцтву, трапілі пад удар. У выніку адзін транспарт згарэў, яшчэ адзін атрымаў сур'ёзныя пашкоджанні, а два іншыя змаглі вырвацца з-пад удараў. Пацярпелых няма.
«Сёння „другая армія“ свету перамагла некалькі тон „гуманітаркі“. Тэрарысты — больш тут сказаць няма чаго», — напісаў Пракудзін.
WFP — Сусветная харчовая праграма, звяно Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па пытаннях аказання харчовай дапамогі, найбуйнейшае падраздзяленне гуманітарнай дапамогі.