Нацбанк нядаўна абвясціў, што хоча ўвесці забарону на асобныя плацяжы
- 14.10.2025, 12:50
- 3,256
Рэгулятар зноў выказаўся аб рэгуляванні гэтага рынку.
У Беларусі маюць намер адрэгуляваць рынак крыптавалют. Гэта збіраюцца зрабіць у тым ліку, каб эфектыўна супрацьдзейнічаць махлярам у гэтай сферы, паведамляе Нацбанк. Раней рэгулятар анансаваў, што хоча ўвесці забарону на выкарыстанне крыптавалюты ў якасці сродку плацяжу.
Нацбанк правёў нараду з прадстаўнікамі банкаў і ўдзельнікамі крыптарынку. На ёй, сярод іншага, абмяркоўвалі папярэджанне несанкцыянаваных плацежных аперацый і вываду выкрадзеных грашовых сродкаў праз крыптарэзідэнтаў.
«Крыптарынок расце, і Нацбанк за яго далейшае развіццё, таму падыходы да вырашэння праблемы фроду павінны быць выпрацаваныя сумеснымі намаганнямі», — адзначыў першы намеснік старшыні Аляксандр Ягораў.
Як паведамляе прэс-служба Нацбанка, «удзельнікі прыйшлі да адзінага меркавання аб неабходнасці выпрацоўкі комплекснага рашэння для эфектыўнага супрацьдзеяння махлярскім схемам з крыптавалютамі». «Па выніках нарады вызначаны асноўныя падыходы ў гэтым напрамку, а таксама прынята рашэнне аб стварэнні адпаведнай працоўнай групы», — паведаміў рэгулятар.
Нагадаем, раней кіраўнік Нацбанка Раман Галоўчанка у ліпені гэтага года заяўляў, што рэгулятар хоча ўнесці змены ў заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць з крыптаактывамі. «Дакладна вызначыць іх (крыптавалют. — Заўв. рэд.) месца ў сістэме грамадзянскіх правоў, адназначна ўстанавіць забарону на выкарыстанне ў якасці сродку плацяжу, аптымізаваць патрабаванні да профільнага бізнесу, сфарміраваць належныя механізмы абароны яго кліентаў», — паведамлялі раней у Нацбанку.