«Беларусам застаецца толькі спадзявацца, што праляціць міма»
3- 14.10.2025, 15:54
- 4,238
Улады Беларусі хаваюць інцыдэнты з дронамі, бо не могуць забяспечыць бяспеку людзей.
Дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч у каментарыі «Салідарнасці» — пра рэакцыю ўладаў на падзенне і выбух дрона ў Брагінскім раёне.
— Звычайная стратэгія беларускіх уладаў — менавіта замоўчваць падобныя падзеі, — адзначыў Казакевіч, тлумачачы, чаму чыноўнікі ўтаілі ад усіх інцыдэнт з дронамі на Брагіншчыне. — Напэўна, стратэгія беларускіх уладаў пабудаваная на тым, каб не ўздымаць паніку, а таму і не інфармаваць.
Бо ў іх няма нейкіх магчымасцяў забяспечыць бяспеку. Хацелася б, каб была наладжаная нейкая сістэма апавяшчэння аб паветранай трывозе.
Але паколькі пакуль яе няма, лепш увогуле маўчаць і спадзявацца, што ўдасца пазбегнуць трагедыі. Урэшце, тэрыторыя там не шчыльна заселеная, авось пранясе.
Але нават калі нешта адбудзецца, ад грамадства ўсё адно паспрабуюць схаваць, нават ужываючы пагрозы, каб абмежаваць распаўсюджанне інфармацыі.
Калі ўтаіць не ўдасца, думаю, паспрабуюць патлумачыць неяк інакш, маўляў, газ выбухнуў. Мы ж бачылі, напрыклад, як у Расіі доўгі час выбухі на нафтабазах тлумачылі неасцярожнасцю пры курэнні.
Калі, як і там, утаіць ужо будзе немагчыма, могуць пайсці іншым шляхам і паспрабуюць зрабіць з падобнага інцыдэнту гісторыю пра ўкраінскую агрэсію: маўляў, глядзіце, на што гатовыя ўкраінскія нацысты.
— А ці самі мясцовыя жыхары могуць нешта зрабіць для свайго выратавання, напрыклад, з’ехаць з гэтага раёна?
— З’язджаць трэба кудысьці. Гэта могуць зрабіць адзінкі. Паглядзіце, ва Украіне ёсць праграмы адсялення, паводле якіх даюць жыллё, і ўсё роўна людзі застаюцца нават у зонах баявых дзеянняў.