Былы дырэктар хакейнага клуба з Оршы адкрыў салон прыгажосці ў польскім Уроцлаве
3- 14.10.2025, 17:40
- 6,606
Там бел-чырвона-белыя крэслы і вялізны герб «Пагоня» на сцяне.
У салоне прыгажосці Яўгена Мазуро бел-чырвона-белыя крэслы і вялізны герб «Пагоня» на сцяне. У 2020 годзе ён — тады дырэктар хакейнага клуба «Лакаматыў» з Оршы і старшы трэнер каманды — падпісаў ліст за сумленныя выбары. Пасля гэтага ён сышоў з клуба, а неўзабаве з'ехаў у Польшчу. Папрацаваўшы крыху на будоўлі, вырашыў адкрыць у Уроцлаве сваю справу. Так і з'явіўся салон прыгажосці Fryzjer-BY. Яўген Мазуро распавёў выданню MOST пра бізнес, скандальных кліентаў і жыццё ў польскім горадзе.
«Зрабілі рамонт за дзесяць дзён»
Мазуро распавядае, што ад моманту арэнды памяшкання на вуліцы Нацыянальнага адзінства да адкрыцця салона прайшло два тыдні. Памагло тое, што раней тут таксама быў салон. Што-нішто засталося ад папярэдняга ўладальніка — крэслы, люстэркі, мыйка, якую пазней замянілі.
— З таварышам зрабілі рамонт за дзесяць дзён. Паралельна займаўся прасоўваннем у сацсетках. З падборам персаналу мне вельмі дапамагла знаёмая, якая прыехала на некалькі дзён. Яна стрыгла першых кліентаў, і ў гэты ж час мы шукалі супрацоўнікаў, — успамінае ён.
З самага пачатку салон быў арыентаваны на беларусаў і ўкраінцаў.
— Не ўсе хутка вучаць польскую мову, а стрыгчыся людзям трэба. Хацелі даць ім такую паслугу. Сёння беларусы і ўкраінцы па-ранейшаму большасць сярод кліентаў — працэнтаў 85. Астатнія — палякі. Працаўнікі за ўвесь час у нас таксама былі або з Беларусі, або з Украіны.
Салон адкрыўся ў другой палове лютага 2022 года — перад самым пачаткам паўнамаштабнай вайны ва Украіне.
Яўген кажа, што інцыдэнтаў на нацыянальнай глебе ў яго салоне ніколі не было.
— Палякі ў Уроцлаве былі і да вайны ў курсе сітуацыі. Яны разумелі, што такое дэмакратычная Беларусь. Нават моладзь, на дзіва, пасля адкрыцця салона заходзіла і казала, што ведае пра наш нацыянальны [бел-чырвона-белы] сцяг. Вядома, з пачатку баявых дзеянняў мы адразу выказалі салідарнасць з Украінай, павесілі сцяг [гэтай] краіны.


«Б'юці-сфера перагружаная»
Выдаткі на адкрыццё салона склалі 7 тыс. еўра. Акупаць іх удалося ўжо ў першы год працы. А ў нуль выйшлі ўжо ў першы месяц — дзякуючы таму, што хутка ўдалося сфарміраваць кліенцкую базу.
Спачатку бізнес працаваў у форме таварыства з абмежаванай адказнасцю. А калі беларус атрымаў від на жыхарства, адкрыў ІП: так менш справаздачнасці, першы час была льгота па сацыяльных плацяжах.
Паводле слоў Яўгена, 2025 год стаў самым цяжкім для бізнесу.
— Адна майстарка вырашыла пераехаць, другая захацела адкрыць у Уроцлаве сваю справу. Дарэчы, недалёка ад нашага салона. Вядома, мы страцілі частку кліентаў. Але гэта жыццё. Цяпер у нас два майстры і адзін стажор. У ідэале хацелася б мець чатырох супрацоўнікаў. Праўда, б'юці-сфера, паводле маіх назіранняў, у горадзе перагружаная прапановамі. Няпроста знайсці прафесіяналаў.
Яўген прызнаецца: калі ўзніклі праблемы з персаналам, а за арэнду даводзілася плаціць у звычайным памеры, думкі былі не надта радасныя. Але ён вырашыў, што спыняць справу нельга: салон у БЧБ-колерах стаў культовым месцам беларусаў Уроцлава.
— Напрыклад, ва Уроцлаве ёсць прафесар з Беларусі. Дык ён прыводзіць у салон і сваіх студэнтаў.
«Вы мне спалілі валасы!»
Мужчынская стрыжка каштуе ў сярэднім 70 злотых, жаночая — ад 80 да 120. Паводле слоў Яўгена, за ўвесь час працы ў салоне было ўсяго некалькі кліентаў, якія засталіся незадаволеныя.
— Спісваю гэта на чалавечы фактар — магчыма, майстар і кліент недапанялі адзін аднаго. А вось у пачатку працы была скандальная сітуацыя. Жанчына з Украіны хацела зрабіць складанае афарбаванне. Гадзіны дзве яна міла гутарыла з майстрам, нібыта ўсё падабалася. Але калі пачалі сушыць валасы, кліентка падняла шум: «Вы мне спалілі валасы!»
Беларус западазрыў, што гэта прадуманы спектакль: наведвальніца адмаўлялася плаціць.
— Маленькае дзіця, з якім прыйшла жанчына, таксама падключылася як па камандзе: «Мама, што з тваімі валасамі!» Я разгубіўся — не ведаў, як паступіць. Вось цяпер бы выбіў чэк і выклікаў паліцыю. Мы працуем абсалютна легальна, плацім падаткі — чаму павінны цярпець такое стаўленне? А тады вырашыў проста не звязвацца са скандалісткай. Але майстру за працу, натуральна, заплаціў. Вось такі цікавы досвед быў для мяне.
У цэлым, паводле ацэнак Яўгена, узровень сэрвісу ў Беларусі і Украіне вышэйшы, у тым ліку ў б'юці-сферы. Але імігранты, ён лічыць, павысілі канкурэнцыю — і гэта пайшло рынку на карысць.
«Уроцлаў — месца для сустрэч»
У Польшчы Мазуро жыў у розных гарадах: паспеў крыху пажыць у Варшаве і Глогуве. Але спыніўся на Уроцлаве.
— Я яшчэ і да вымушанай эміграцыі бываў тут, горад вельмі падабаўся. Добрая інфраструктура, выдатнае размяшчэнне, прыгожая прырода. Побач горы, а для мяне гэта важна: люблю гарналыжны спорт. Мяжа з Чэхіяй і Германіяй таксама побач. Уроцлаў — турыстычны горад. Самі палякі любяць сюды прыязджаць. Miejsce spotkań — то бок месца для сустрэч, як яны кажуць.
13-гадовы сын Яўгена Максіміліян таксама асвоіўся. Бацька кажа, што ён добра вучыцца, ідзе на атэстат з чырвонай паласой, то бок з адзнакай. У чэрвені 2025 года яны падалі дакументы на польскае грамадзянства.
— Вядома, настальгія па доме бывае, але тут вялікія дыяспары беларусаў і ўкраінцаў. Хіба што агульная напружанасць у краіне часам адчуваецца. Маю на ўвазе і погляды новага прэзідэнта (у 2025 годзе ў Польшчы прапанаваныя некалькі заканадаўчых ініцыятыў, якія ўзмацняюць патрабаванні да мігрантаў. — Заўв. MOST). Каб толькі людзі не нарабілі дурнотаў…

«Абмяркоўваць бясконцыя гульні беларусаў з расіянамі не бачу сэнсу»
Салон прыгажосці — не першы бізнес Яўгена ва Уроцлаве.
— Яшчэ да з'яўлення салона думалі з таварышам адкрыць рэстаран, але так і не прыйшлі да агульнай думкі. Потым купіў пару патрыманых таксі і здаваў іх у арэнду. Акрамя таго, каля двух гадоў разам са знаёмым займаўся перацяжкай салонаў аўто, руляў, але ў нейкі момант нашы шляхі разышліся.
Цяпер Мазуро разам з іншымі беларусамі робіць рамонты — яны здаюць пад ключ кухні, ванныя, займаюцца дэмантажам будаўнічых канструкцый. Кажа, польскія заказчыкі здзіўляюцца, як хутка яны працуюць.
За беларускім хакеем былы дырэктар клуба з Оршы мала сочыць.
— Толькі гульні «Лакаматыва», дзе працаваў, зрэдку магу ўключыць. Больш сачу за буйнымі падзеямі, як чэмпіянат свету. Калі хакейную зборную Беларусі зноў дапусцяць да ЧС, будзе цікава паглядзець іх матчы супраць тых жа палякаў. А абмяркоўваць бясконцыя гульні беларусаў з расіянамі або зборнай Казахстана не бачу сэнсу.