Рюттэ пракаментаваў пастаўкі F-35 анекдотам пра Lada і халадзільнік
3- 14.10.2025, 18:07
- 12,942
Падобны анекдот расказваў Рэйган.
Павялічваць тэмпы абароннай вытворчасці трэба не толькі краінам Еўропы, але і ЗША, цяпер яны недастатковыя, заявіў генеральны сакратар НАТА Марк Рюттэ на сесіі Парламенцкай асамблеі альянсу ў Любляне.
Рюттэ адзначыў высокі попыт на прадукцыю абаронных кампаній, як еўрапейскіх, так і амерыканскіх, і выказаў надзею, што тыя перастануць патрабаваць доўгатэрміновых кантрактаў.
Кажучы пра закупкі еўрапейскімі краінамі амерыканскіх знішчальнікаў F-35 і сістэм СПА Patriot, генеральны сакратар НАТА заявіў, што часам «узгадвае стары рускі анекдот пра Lada і халадзільнік». «Прадавец Lada кажа, што аўтамабіль даставяць праз дзесяць гадоў. Рэакцыя [пакупніка] — раніцай ці ўдзень? Якая розніца? Дык удзень прывезуць халадзільнік», — пажартаваў Рюттэ.
Паводле слоў генеральнага сакратара, анекдот «актуальны ў кантэксце закупак F-35 або Patriot».
Крыху інакш гэты анекдот расказваў 40-ы прэзідэнт ЗША Рональд Рэйган:
«У СССР, каб купіць аўтамабіль, трэба дзесяць гадоў прастаяць у чарзе. І вось пакупнік прыходзіць, уносіць аванс, і службовец яму кажа:
— Усё, прыходзьце па вашу машыну праз дзесяць гадоў.
— Раніцай ці ўдзень?
— Ды гэта ж праз дзесяць гадоў, якая розніца?
— Ды раніцай да мяне прыйдзе сантэхнік».
Мінулым летам Рюттэ ўжо казаў, што замоўленая любым членам альянсу сістэма Patriot будзе пастаўлена толькі праз дзесяць гадоў. «Раніцай ці ўдзень? Якая розніца? Бо ўдзень прыбудуць F-35. Вось такое цяперашняе становішча спраў», — наракаў ён.