Армія Мадагаскара абвясціла пра захоп улады ў краіне
10- 14.10.2025, 19:36
- 5,776
Прэзідэнт уцёк з краіны на фоне масавых пратэстаў.
На Мадагаскары вайскоўцы абвясцілі пра пераход дзяржаўнай улады ў краіне пад кантроль вайсковага савета, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі арміі, жандамерыі і нацыянальнай паліцыі. Гэта адбылося праз суткі пасля таго, як стала вядома пра ўцёкі прэзідэнта Мадагаскара Андры Радзуэліны за мяжу. «Мы ўзялі ўладу ў свае рукі», — заявіў па нацыянальным радыё ў аўторак, 14 кастрычніка, палкоўнік Майкл Рандрыянірына.
Дзеянне канстытуцыі прыпынена, усе дзяржаўныя інстытуты, за выключэннем ніжняй палаты парламента Мадагаскара (Нацыянальнай асамблеі), распушчаныя. За некалькі хвілін да абвяшчэння пра пераход улады ў рукі вайсковых дэпутаты прагаласавалі за адхіленне Радзуэліны ад пасады прэзідэнта краіны.
У вайсковы савет уключаныя таксама вайскоўцы элітнага падраздзялення CAPSAT, з дапамогай якога Андры Радзуэліна прыйшоў да ўлады ў выніку ваеннага перавароту ў 2009 годзе.
Напярэдадні стала вядома, што Радзуэліна на фоне масавых пратэстаў пакінуў краіну 12 кастрычніка на французскім ваенным самалёце. Як адзначае радыёстанцыя RFI, гэта было ўзгоднена з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам.
Лідар апазіцыі ў парламенце Мадагаскара Сітэна Рандрыянасалоніаіка пацвердзіў, што прэзідэнт уцёк за мяжу. «Мы патэлефанавалі ў адміністрацыю прэзідэнта, і там пацвердзілі, што ён пакінуў краіну», — паведаміў апазіцыянер у размове з Reuters. Паводле яго слоў, кіраўнік дзяржавы вырашыў уцячы з краіны пасля таго, як падраздзяленні арміі перайшлі на бок пратэстоўцаў.
Сам Андры Радзуэліна ў звароце да нацыі, які трансляваўся ў сацыяльнай сетцы Facebook увечары 13 кастрычніка, заявіў, што адмаўляецца сыходзіць у адстаўку. Адначасова ён пацвердзіў, што пакінуў краіну, і растлумачыў гэтае рашэнне жаданнем абараніць сваё жыццё. Дзе менавіта ён знаходзіцца, Радзуэліна не паведаміў. Цяпер апазіцыя збірае подпісы дэпутатаў, каб ініцыяваць працэдуру імпічменту кіраўніка дзяржавы.