Апублікаваны рэйтынг «моцы пашпартоў»: на якім месцы Беларусь?
1- 14.10.2025, 20:33
- 6,704
Лідзіруе пашпарт Сінгапура.
Пашпарт Сінгапура працягвае заставацца лідэрам у сусветным рэйтынгу самых «моцных» пашпартоў, а ЗША ўпершыню не трапілі ў першую дзясятку. Тым часам беларускі дакумент губляе пазіцыі.
Кансалтынгавая кампанія Henley & Partners апублікавала абноўленую версію свайго Індэксу пашпартоў, у якім краіны ранжыруюць паводле колькасці безвізавых напрамкаў, даступных іх грамадзянам. Лідарам спісу ў 2025 годзе застаецца Сінгапур. Грамадзяне гэтай краіны могуць без візы наведваць 193 краіны. Таксама ў першай тройцы — Паўднёвая Карэя (190) і Японія (189). Чацвёртае месца дзеляць Германія, Іспанія, Італія, Люксембург — пашпарты гэтых дзяржаў адкрываюць доступ да безвізавага наведвання 188 краін. На адну безвізавую пазіцыю менш у грамадзян Аўстрыі, Бельгіі, Даніі, Ірландыі, Нідэрландаў, Фінляндыі і Францыі. На шостым месцы размясціліся Венгрыя, Грэцыя, Новая Зеландыя, Нарвегія, Партугалія і Швецыя — 186 безвізавых краін.
Беларусь у рэйтынгу моцных пашпартоў разам з Тайландам заняла 66-е месца. Як сцвярджаюць складальнікі спісу, з беларускім пашпартам можна без візы наведаць 80 краін. Пры гэтым у студзені 2025 года наша краіна займала 62-ю пазіцыю, да гэтага — 61-ю.
Нашы суседзі размясціліся вышэй. Польшча заняла сёмае месца (185 безвізавых краін), Латвія — 10-е (182), Літва — 11-е (181), Украіна — 33-е (144), Расія — 50-е (114).
Рэйтынг замыкаюць пашпарты Іраку (29 безвізавых напрамкаў), Сірыі (26) і Афганістана (24).
Henley & Partners публікуе Індэкс пашпартоў ужо 19 гадоў, рэйтынг абнаўляецца некалькі разоў на год. Пры ранжыраванні краін аўтары рэйтынгу абапіраюцца на даныя Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту.