Зяленскі анансаваў «сур'ёзную навіну» на наступным тыдні
2- 14.10.2025, 20:54
- 4,178
Прэзідэнт Украіны заінтрыгаваў падрыхтоўкай новай абароннай дамоўленасці з адной з краін.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў пра падрыхтоўку новай абароннай дамоўленасці з адной з еўрапейскіх краін. Адпаведную навіну плануюць абвесціць ужо на наступным тыдні.
Пра гэта ён заявіў падчас вечаровага звароту.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што міністр замежных спраў Андрэй Сыбіга сёння дакладваў пра задачы на еўрапейскім напрамку, а дыпламаты Офіса Прэзідэнта — пра стан абаронных перамоў.
«Дыпламаты Офіса таксама дакладвалі па нашых абаронных дамоўленасцях з адной з краін. Мы рыхтуем сур'ёзную навіну на наступны тыдзень менавіта з адным з нашых партнёраў у Еўропе», — заявіў Зяленскі.
Прэзідэнт таксама расказаў пра размову з прэзідэнтам Фінляндыі Аляксандрам Стубам. Паводле яго слоў, бакі абмеркавалі сумесныя намаганні для ўмацавання ўкраінскай супрацьпаветранай абароны і каардынацыю пазіцый у камунікацыі з ЗША.
«Я ўдзячны за тое, што Фінляндыя і сам спадар прэзідэнт заўсёды вельмі нас падтрымліваюць. Мы размаўлялі пра камунікацыю з Амерыкай, скаардынавалі нашыя пазіцыі, і гэта заўсёды дапамагае. Таксама мы абмеркавалі сумесныя магчымасці тут, у Еўропе, хутка ўмацаваць нашу СПА», — падкрэсліў Зяленскі.