У Расіі губернатар матам звольніў кіраўніка раёна
11- 15.10.2025, 8:32
- 12,420
Скандальнае відэа кароткага дыялогу з'явілася ў сацсетках.
Губернатар Самарскай вобласці Расіі Вячаслаў Фядорышчаў матам звольніў кіраўніка Кінельскага раёна Юрыя Жыдкова. Скандальнае відэа іх кароткага дыялогу 14 кастрычніка з'явілася ў сацсетках.
Кадравыя перастаноўкі кіраўнік Самарскай вобласці зрабіў падчас працоўнага візіту ў Кінельскі раён. Чыноўнік застаўся незадаволены тым, як мясцовыя ўлады адрамантавалі дом культуры, школу і іншыя аб'екты.
— Гэта проста камень? — спытаў Фядорышчаў.
— Так, — адказаў Жыдкоў.
— Звольнены, на ***, — сказаў губернатар, двойчы хлопнуўшы кіраўніка Кінельскага раёна па плячы, і пайшоў.
Пазней Фядорышчаў апублікаваў ва «ВКонтакте» поўны відэазапіс сваёй размовы з Жыдковым. З роліка вынікае, што чыноўнікі абмяркоўвалі камень з разбітай мемарыяльнай таблічкай са словамі «На гэтым месцы будзе ўзведзены абеліск нашым землякам — удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны».
«Кіраўнік [Кінельскага] раёна палічыў, што гэта «проста камень». А значыць, можа ляжаць як смецце. Можна выправіць недахоп кампетэнцый, досведу, ведаў. Але калі ў душы такое стаўленне да нашых герояў — гэта край. Занадта эмацыйна? Так. Звольнены», — напісаў Фядорышчаў.