МЗС Украіны апублікавала заяву па «справе Гаюна»
- 15.10.2025, 11:02
- 11,862
Лукашэнка фармуе абменны фонд.
Міністэрства замежных спраў Украіны звярнула ўвагу на інфармацыю беларускага праваабарончага цэнтра «Вясна» пра чарговую хвалю рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі супраць грамадзян Беларусі ў межах так званай «справы Гаюна» і выпусціла з гэтай нагоды спецыяльную заяву.
У сваёй заяве МЗС Украіны з жалем канстатуе, што ў Беларусі пры Лукашэнку падставай для рэпрэсій можа стаць літаральна што заўгодна, «нават неасцярожна вымаўленае беларускае слова».
«Мы перакананыя, што такія адвольныя затрыманні маюць мэтай стварэнне «абменнага фонду», дзякуючы якому Аляксандр Лукашэнка разлічвае купляць сабе індульгенцыі ў абмен на невінаватых людзей, якіх ён кідае за краты», — падкрэслівае ўкраінскае дыпламатычнае ведамства.
Рэпрэсіі беларускага рэжыму, на думку МЗС Украіны, «з’яўляюцца сістэмным і грубым парушэннем правоў чалавека і асноўных міжнародна-прававых дакументаў», а «масавыя арышты і зняволенні грамадзян Беларусі ў межах так званай «справы Гаюна» — яўнае пацвярджэнне гэтага».
У сувязі з гэтым МЗС заклікае міжнародную супольнасць узмацніць ціск на Аляксандра Лукашэнку і яго паплечнікаў. Акрамя таго, нагадвае, што лукашэнкаўская Беларусь стала саўдзельніцай пры развязванні Расіяй загарбніцкай вайны супраць Украіны, за што «павінна абавязкова панесці сваю частку адказнасці за ўчыненне гэтага злачынства і ўсе наступныя зверствы адносна ўкраінскага народа».
«Мы верым, што ў будучыні дэмакратычная Беларусь пройдзе шлях ачышчэння ад злачынстваў лукашэнкаўскай дыктатуры, адновіць сваю незалежнасць і суверэнітэт пасля гадоў расійскага панавання і вернецца ў сям’ю еўрапейскіх народаў, да якой яна гістарычна, палітычна і культурна належыць», — завяршае сваю заяву ўкраінскі МЗС.
Раней сайт Charter97.org пісаў, што больш за 250 жыхароў Гомельскай вобласці затрыманыя з пачатку 2025 года па справе «Гаюна». У спісе на затрыманне — больш за тысячу чалавек.
5 лютага 2025 года стваральнік «Беларускага Гаюна» Антон Матолька паведаміў пра ўзлом чат-бота праекта і пра пагрозу бяспецы для тых, хто дзяліўся з Telegram-каналам інфармацыяй.
7 лютага стала вядома пра першыя затрыманні інфарматараў «Беларускага Гаюна». Пасля праект спыніў працу. Адзначым, праект блогера Матолькі актыўна падтрымліваўся офісам Святланы Ціханоўскай.