Трамп заявіў, што Украіна хоча перайсці ў наступ на фронце
2- 16.10.2025, 7:37
- 5,776
Пра гэта прэзідэнт ЗША будзе гаварыць з Зяленскім у Белым доме.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што падчас размовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у пятніцу, 17 кастрычніка, плануе абмеркаваць намер Украіны пачаць наступ на фронце.
Пра гэта ён заявіў у сераду, 15 кастрычніка, падчас прэс-канферэнцыі ў Белым доме разам з дырэктарам ФБР Кашам Патэлам.
«Мы будзем гаварыць… Яны хочуць перайсці ў наступ. Я прыму рашэнне з гэтай нагоды, але яны хочуць пайсці ў наступ, і нам трэба будзе прыняць рашэнне, ведаеце?», — сказаў прэзідэнт ЗША.
Ён таксама падкрэсліў, што адзінае, чаго Злучаныя Штаты патрабуюць ад расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, — каб ён перастаў забіваць украінцаў і расіян.
«І ўсё, чаго мы хочам ад прэзідэнта Пуціна, — каб ён гэта спыніў: перастаў забіваць украінцаў і перастаў забіваць расіян, таму што ён забівае шмат расіян. Гэта не дадае яму аўтарытэту. Гэта вайна, якую ён павінен быў выйграць за тыдзень, а цяпер яна працягваецца ўжо чацвёрты год», — сказаў Трамп.
14 кастрычніка выданне Axios паведаміла, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп 17 кастрычніка правядзе сустрэчу ў Белым доме з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім — яны абмяркуюць магчымую пастаўку ракет Tomahawk.