Што вядома пра беларуску, якую маглі прадаць на органы ў М'янме
33- 16.10.2025, 11:27
- 36,848
Яе шукаюць беларускія дыпламаты.
Беларуска, якую, паводле паведамленняў СМІ, забілі і прадалі на органы ў М'янме, — гэта 26‑гадовая ўраджэнка Мінска Вера Краўцова. Пра гэта паведаміў расійскі часопіс The Voice.
У сацсетках Веры можна знайсці здымкі з фотасесій — у тым ліку з Кітая. Яна таксама наведвала В'етнам, Балі. Апошні пост у Instagram беларуска апублікавала пяць тыдняў таму. На той момант дзяўчына знаходзілася ў Санкт-Пецярбургу (Расія).
СМІ пісалі, што ў 2017‑м мінчанка брала ўдзел у вакальным шоу «Голос» — але гэта не так. Яна аднойчы выступіла ў мінскім клубе на фоне банера лакальнага бурлеск-фестывалю, стылізаванага пад «Голос», — піша тэлеграм-канал Mash.
Як паведамляе The Voice, нядаўна Вера наткнулася на прапанову падпрацаваць мадэллю ў Тайландзе. Яна прыляцела ў Бангкок, дзе трапіла ў працоўнае рабства. 20 верасня яе вывезлі ў горад Янгон у М'янме, — піша The Voice. Там ёй давялося працаваць у скам-цэнтры — «дзе дзяўчаты фліртуюць з мужчынамі на сайтах знаёмстваў, прапаноўваючы ўкласці ў нешта грошы, а потым пералічваюць сродкі махлярам», — адзначыла выданне.
Паводле інфармацыі расійскага тэлеграм-канала Mash, сувязь з беларускай знікла 4 кастрычніка.
«Спачатку за яе цела запатрабавалі ў родных 500 тысяч долараў, а праз некалькі дзён сказалі, што загінулую крэміравалі. Цяпер сям'я вядзе перамовы аб вяртанні праху на радзіму», — пісаў Mash.
Пра тое, што ў М'янме разыскваюць зніклую беларуску, пазней паведамілі і ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі. Там адзначылі, што сувязь з дзяўчынай, паводле слоў яе маці, была страчана 4 кастрычніка.
Дакладна ўстаноўлена, што беларуска 20 верасня вылецела ў Янгон (М'янма) з Бангкока (Тайланд). Да мерапрыемстваў падключаныя знешнепалітычныя і сілавыя ведамствы двух краін, апараты ганаровых консульстваў Беларусі ў Янгоне і Бангкоку, — заявілі ў МЗС.
Заўважым, што ў МЗС Беларусі прозвішча беларускі не назвалі.