У беларускіх гарадах нашэсце лісаў
11- 16.10.2025, 11:41
- 5,492
Чаму менавіта цяпер?
У Гродне каля аўтавакзала заўважылі лісу — яна не звяртала ўвагі на людзей і нібыта «шукала транспарт да роднага лесу», піша NewGrodno.by.
Рыжых звяроў сустракалі ў цэнтры Гродна і раней, часцей яны сталі з’яўляцца і ў іншых месцах. Спецыялісты расказалі, чаму лісы менавіта восенню прыходзяць да людзей — справа не абавязкова ў шаленстве.
Так, лісу бачаць у садовым таварыстве «Пагранічнік» недалёка ад Дзяржынска.
— Мяне турбуе адна праблема. У нас па тэрыторыі ходзіць ліса. Наша старшыня тэлефанавала ў МНС і РАУС. Адправілі куды падалей — менавіта ў паляўнічую гаспадарку. Там увогуле адказалі, каб мы не пераймаліся. Гэта ўвогуле што такое? — абураюцца дачнікі.
Партал dzr.by звярнуўся з гэтым пытаннем у раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама ў Дзяржынскую паляўнічую гаспадарку Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.
Як патлумачылі спецыялісты, тое, што адбываецца, — сезонная і абсалютна нармальная з’ява. Зараз у новага пакалення лісянят пачынаецца перыяд самастойнасці: яны ўжо адлучыліся ад маці, але яшчэ не навучыліся асцерагацца чалавека.
— Яны падобныя да малых дзяцей, якіх упершыню выпусцілі ў вялікі свет, — праводзіць аналогію кіраўнік паляўнічай гаспадаркі Аляксандр Ціханаў. — Цікавыя, але не разумеюць небяспекі, таму ідуць да людзей. У дадзеным выпадку жывёла нават не зацікаўленая ў здабычы, не чапае хатнюю птушку.
Ён растлумачыў, што такое паводзіны не сведчаць пра хваробу жывёлы, а лісы не ўяўляюць прамой пагрозы для людзей. Насцярожыцца варта толькі ў тым выпадку, калі ліса праяўляе неўласцівыя паводзіны, напрыклад, вельмі агрэсіўная.
Паводле яго слоў, праблема вырашыцца натуральным шляхам з 1 лістапада — афіцыйным адкрыццём сезона палявання. Маладыя лісы, сутыкнуўшыся з небяспекай, хутка навучацца пазбягаць людзей і будуць трымацца падалей ад населеных пунктаў.
— Ліса, як воўк або енатападобная сабака, аднесена да шкодных відаў жывёл, і мы штогод арганізуем яе здабычу, — адзначае спецыяліст.
Прыкметы сапраўднага шаленства, якое часцей праяўляецца летам, кардынальна адрозніваюцца ад паводзін цікаўнага лісяняці. Хворая жывёла, як правіла, паводзіць сябе неадэкватна: назіраецца слінацёк, агрэсія, парушэнне каардынацыі рухаў. Здаровае ж лісяня проста выглядае «мілым і дапытлівым».
Выклік спецыяльных службаў (МНС або РАУС) неабходны, калі жывёла ўяўляе небяспеку для здароўя і жыцця чалавека або ёй патрэбна дапамога (збіта, траўмаваная і г.д.). У раённых выканаўчых і распарадчых органах працуюць спецыяльныя камісіі, якія выязджаюць на месца і прымаюць рашэнне аб далейшым рэагаванні.
У выпадку з СТ «Пагранічнік» людзі настойваюць на адстрэле лісы. Аднак выкарыстанне зброі ў населеным пункце заканадаўча забаронена.
— Не дазваляецца весці стральбу і знаходзіцца з зараджанай паляўнічай зброяй на адлегласці менш як 200 метраў ад крайняй пабудовы населенага пункта, — падкрэслівае Аляксандр Ціханаў. — Таксама не дазваляецца весці стральбу ў напрамку людзей або населеных пунктаў, сельскагаспадарчых жывёл, транспартных сродкаў з агнястрэльнай гладкаствольнай паляўнічай зброі на адлегласці менш як 500 метраў да іх.
У інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя адзначаюць, што самы надзейны спосаб пазбегнуць падобных сустрэч — абараніць сваё падвор’е з дапамогай агароджы. Дарэчы, гэтага патрабуюць і ветэрынарныя правілы. Агароджу лепш зрабіць з металічнай сеткі, а каб пазбегнуць падкопу, яе варта добра заглыбіць. І пасля рэгулярна правяраць цэласнасць як агароджы, так і гаспадарчых пабудоў.