У Польшчы хочуць узмацніць кантроль за набыццём нерухомасці замежнікамі
1- 16.10.2025, 12:42
- 3,704
Што важна ведаць беларусам.
У Польшчы хочуць увесці электронную перадачу даных аб набыцці замежнікамі нерухомасці, а таксама акцый і доляў у кампаніях, якія валодаюць нерухомасцю. Праект такога закона з'явіўся ў сістэме актаў, над якімі працуе ўрад, піша Most.
Наколькі можна меркаваць, удзельнікаў здзелак змены не закранаюць. Уводзіцца толькі абавязак натарыусаў перадаваць даныя пра такія здзелкі ў МУС праз электронную сістэму. Гэтае міністэрства вядзе рэестр, дзе змяшчаюцца звесткі пра валоданне нерухомасцю замежнікамі.
Асноўнай крыніцай інфармацыі для рэестра з'яўляюцца выпіскі з натарыяльных актаў. Натарыусы павінны накіроўваць іх цягам сямі дзён з дня іх складання. Але ў абгрунтаванні да законапраекта паведамляецца, што цяпер перадача вядзецца ў папяровай форме, і міністэрства штогод фіксуе выпадкі несвоечасовай перадачы дакументаў. Мяркуецца, што лічбавізацыя гэтага працэсу ліквідуе прававую няпэўнасць здзелак.
Як раней паведамлялася, у 2024 годзе замежнікі набылі ў Польшчы 17 330 кватэр — на 21% больш, чым годам раней. Больш за палову здзелак прыпала на ўкраінцаў — каля 9 тыс. — гэта на чвэрць больш, чым у 2023 годзе. Беларусы — на другім месцы. Яны набылі каля 3 тыс. кватэр агульнай плошчай амаль 180 тыс. кв. метраў.