«Яна не павінна была ўсплываць тут»
1- 17.10.2025, 13:54
- 5,840
Надзейнасць і баяздольнасць расійскага флоту пад пытаннем.
Нечаканае ўсплыванне расійскай дызель-электрычнай падводнай лодкі «Наварасійск» ля берагоў Францыі выклікала буру міжнароднай увагі і спекуляцый. Крэмль заявіў, што субмарына дзейнічала ў межах міжнародных правілаў транзіту праз Ла-Манш, аднак у сацыяльных сетках з’явіліся чуткі пра магчымую сур’ёзную няспраўнасць, уключна з уцечкай паліва, піша VisegradPost.
Субмарына, уведзеная ў строй у 2012 годзе, нібыта сутыкнулася з дэфіцытам запасных частак і недахопам кваліфікаванага персаналу для ліквідацыі праблемы. Гэта выклікала занепакоенасць наконт патэнцыйнай пагрозы бяспецы, аж да рызыкі выбуху, і паставіла пад сумнеў гатоўнасць і надзейнасць расійскага флоту.
Сітуацыю ўважліва адсочвалі саюзнікі па НАТА. Французскія і брытанскія караблі суправаджалі «Наварасійск» на поўначы, пазней да назірання далучыўся нідэрландскі гідраграфічны карабель з баявым верталётам NH90. Прысутнасць расійскага буксіра «Якаў Грэбельскі», які суправаджаў субмарыну, узмацніла падазрэнні наконт сур’ёзнасці праблемы.
Сакратар НАТА Марк Рутэ падкрэсліў, што падобныя інцыдэнты з’яўляюцца часткай больш шырокай серыі правакацый Расіі супраць еўрапейскіх краін, уключна з дронамі, падазронымі аперацыямі з кабелямі, кібершабатажам і нарошчваннем ваеннай прысутнасці на межах. Пры гэтым Рутэ адзначыў, што расійскія ваенныя магчымасці не варта пераацэньваць, спасылаючыся на няўдачы Расіі ва Украіне і Сірыі.
Ўсплыванне «Наварасійска» падкрэслівае неабходнасць пастаяннага кантролю міжнародных вод і дэманструе праблемы, з якімі сутыкаецца Расія ў падтрымліванні свайго флоту. Гэты інцыдэнт зноў акцэнтуе ўвагу на далікатным балансе сіл на сусветнай арэне і важнасці гатоўнасці да прадухілення патэнцыйнай эскалацыі канфліктаў.