У «Беларуснафце» распавялі, як вырашаюць праблему чаргаў на АЗС
12- 18.10.2025, 4:52
- 8,368
Супрацоўнікі АЗС выкарыстоўваюць гучнагаварыцелі.
17 кастрычніка падчас нарады з урадам Аляксандр Лукашэнка даручыў навесці «жалезны парадак» з чэргамі на запраўках да панядзелка. Пасля гэтага кампанія «Беларуснафта» распавяла, якія меры яна прымае для вырашэння сітуацыі.
Як паведамілі ў «Беларуснафце», у перыяды павышанага трафіку на запраўках будзе працаваць дадатковы персанал, каб пазбегнуць затораў. Калі аўтамабіль займае калонку занадта доўга, аператары паведамяць пра гэта вадзіцелю — у тым ліку праз гучнагаварыцель.
У кампаніі падкрэсліваюць, што калектывы АЗС сочаць за захаваннем культуры паводзінаў і дысцыпліны на тэрыторыі заправаў і стараюцца зрабіць так, каб «кожны кліент застаўся задаволены — незалежна ад таго, прыйшоў ён заправіць паліва ці проста выпіць кавы».
Акрамя таго, вадзіцеляў будуць больш актыўна інфарміраваць пра сучасныя спосабы аплаты паліва і тавараў. Зараз на запраўках усталявана каля 140 тэрміналаў самаабслугоўвання, і іх колькасць плануюць павялічыць.
Таксама кліентам нагадваюць пра мабільнае прыкладанне «Беларуснафты», праз якое можна хутка аплаціць паліва і іншыя паслугі без чаргі.