Зяленскі пасля сустрэчы з Трампам патэлефанаваў еўрапейскім лідарам
9- 18.10.2025, 8:28
- 4,836
Фота: Getty Images
І адмовіўся каментаваць пастаўкі «Tomahawk».
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не стаў наўпрост казаць, які адказ прэзідэнт ЗША Дональд Трамп даў яму наконт паставак Кіеву амерыканскіх крылатых ракет Tomahawk падчас сустрэчы двух лідараў у Вашынгтоне, паведамляе Clash Report.
Паводле слоў Зяленскага, гэтае пытанне абмяркоўвалася падчас перамоваў, якія цягнуліся больш за дзве гадзіны, і Трамп адзначыў, што гэтая зброя патрэбная і самім ЗША.
«Мы, вядома, размаўлялі і пра ракеты вялікай далёкасці. Мы вырашылі, што пакуль не будзем публічна гаварыць пра ракеты, бо ЗША не хочуць эскалацыі», — патлумачыў ён, дадаўшы, што гэтае пытанне застаецца на парадку дня. Прэзідэнт таксама паведаміў, што перамовы прайшлі «прадуктыўна», і лідары абмеркавалі шырокае кола тэм, уключаючы супрацьпаветраную абарону Украіны. Пасля сустрэчы з Трампам украінскі лідар таксама перагаварыў па тэлефоне з лідарамі еўрапейскіх краін і абмеркаваў з імі вайсковую дапамогу і гарантыі бяспекі для Украіны.
Зяленскага таксама спыталі, ці абмяркоўвалі яны з Трампам пытанне тэрытарыяльных саступак. У адказ прэзідэнт заявіў, што спачатку трэба дасягнуць спынення агню. «Пытанне тэрыторый вельмі далікатнае… і самае складанае, насамрэч. Я ведаю, што ў Расіі іншая пазіцыя. Яны хочуць акупаваць усё… Наша пазіцыя ў тым, што спачатку нам патрэбна спыненне агню», — сказаў кіраўнік украінскай дзяржавы.
Зяленскі дадаў, што «ў цяперашніх абставінах нам трэба спыніцца там, дзе мы цяпер знаходзімся», маючы на ўвазе бягучую лінію фронту. «Мы ваюем супраць вялікай краіны. Трэба спыніцца. А потым пачаць гаварыць пра тое, якія крокі можна зрабіць да доўгатэрміновага міру», — паведаміў ён.
Пасля перамоваў з Трампам Зяленскі пагаварыў па тэлефоне з некалькімі еўрапейскімі лідарамі з мэтай «даць ім абноўленую інфармацыю», паведаміў раней карэспандэнт Axios Барак Равід. Сам Зяленскі на брыфінгу распавёў журналістам, што на тэлефоннай канферэнцыі прысутнічалі кіраўнікі Еўрасавета і Еўракамісіі Антоніу Кошта і Урсула фон дэр Ляен, прэзідэнт Фінляндыі Аляксандар Стуб, прэм’ер-міністр Нарвегіі Ёнас Гар Стёрэ, прэм’ер Вялікабрытаніі Кір Стармер і іншыя лідары. «Мы гаварылі пра пытанні гарантый бяспекі, «Кааліцыя ахвотных» — гэта асноўны еўрапейскі партнёр, таксама гаварылі пра СПА, пра праграму PURL», — сказаў Зяленскі.