У Еўропе разграмілі сетку расійскай спецслужбы з 700 «дыпламатаў»
4- 18.10.2025, 13:17
- 11,970
Служба знешняй разведкі Украіны раскрыла падрабязнасці.
З пачатку паўнамаштабнага ўварвання ва Украіну акупацыйных войскаў РФ з краін Еўропы выслалі каля 700 расійскіх разведчыкаў, якія дзейнічалі пад прыкрыццём дыпламатычных місій.
Пра гэта паведаміла Служба знешняй разведкі Украіны.
Паводле звестак СЗР, з Балгарыі за гэты перыяд выслалі 82 расійскія «дыпламаты», з Германіі — 65, з Польшчы — 58, з Румыніі — 52, са Славакіі — 32, са Славеніі і Нідэрландаў — па 34 і г.д.
Пасля таго як еўрапейскія спецслужбы разграмілі шпіёнскую сетку Крамля, расійскія спецслужбы пачалі рабіць акцэнт на «аднаразовых агентах» з ліку грамадзянскага насельніцтва Еўропы.
З 2022 года ў Польшчы, напрыклад, выкрылі 47 чалавек у працы на расійскія спецслужбы, у Эстоніі — 20 чалавек, у Латвіі — 19 чалавек, а ў Германіі — 12 чалавек. То бок такая практыка — далёка не адзінкавы выпадак, а спецыяльная стратэгія.
Паводле інфармацыі СЗР, расійскія спецслужбы для вербоўкі еўрапейскіх грамадзян выкарыстоўваюць інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, царкоўныя суполкі, спартыўныя клубы і масавыя мерапрыемствы.
Ад «аднаразовых агентаў» хочуць атрымаць канкрэтную інфармацыю або выкарыстоўваюць іх для выканання пэўных заданняў на карысць Крамля.
Служба знешняй разведкі Украіны лічыць, што вербоўка «аднаразовых агентаў» у Еўропе — гэта гібрыдная стратэгія расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, які хоча падарваць еўрапейскія краіны.