Расіяне перастануць ездзіць у Беларусь?
23- 2.10.2025, 20:01
- 41,420
Назвалі магчымую прычыну.
У Асацыяцыі тураператараў Расіі (АТОР) спрагназавалі скарачэнне турпатоку ў Беларусь з-за новых правілаў уезду. Прычына ў тым, што з 2026 года расійскім дзецям да 14 гадоў для ўезду ў нашу краіну спатрэбіцца замежны пашпарт. Пра гэта радыёстанцыі «Говорит Москва» паведаміў віцэ-прэзідэнт АТОР Сяргей Рамашкін.
— Вось гэтыя змены, якія пачнуць дзейнічаць праз паўгода пасля прыняцця, прывядуць да таго, што выезд дзіцяці па пасведчанні аб нараджэнні стане немагчымым. Цяпер будзе патрэбны замежны пашпарт, бо менавіта там ёсць фотаздымак дзіцяці, так нам кажа памежная служба. А ў пасведчанні аб нараджэнні фатаграфіі няма, гэта ўскладняе ідэнтыфікацыю дзіцяці на мяжы. Нам падаецца, што гэтае рашэнне, якое, відавочна, карыснае для памежнай службы, усё ж такі прывядзе да сур'ёзных змяненняў турпатоку [з Расіі], і ён прыкметна зменшыцца, — сказаў эксперт.
Паводле ацэнак расійскіх тураператараў, толькі ў непрызнаную Абхазію штогод з РФ уязджаюць ад 250 да 300 тысяч дзяцей да 14 гадоў разам з бацькамі.
— І, адпаведна, калі цяпер мы ўвядзём гэтую норму, то страты турыстаў складуць некалькі соцень тысяч, можа быць, 500 тысяч турыстаў, якія плануюць адпачынак у 26-м годзе ў Абхазіі. Такая самая гісторыя і ў Беларусі, — сказаў Рамашкін.