Трамп: Ізраіль пагадзіўся на прапанаваную ЗША лінію адводу войскаў
- 5.10.2025, 8:31
- 3,584
Прэзідэнт ЗША апублікаваў мапу.
Ізраіль пагадзіўся на пачатковую лінію развядзення войскаў у Сектары Газы. У выпадку згоды групоўкі ХАМАС бакі пачнуць абмен закладнікамі і арыштаванымі.
Пра гэта заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сацсетцы Truth Social.
«Пасля перамоў Ізраіль пагадзіўся на пачатковую лінію адводу, якую ЗША і пасярэднікі прадэманстравалі і перадалі ХАМАСу», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Трамп дадаў, што пасля таго, як палестынская групоўка пацвердзіць сваю згоду, рэжым спынення агню неадкладна ўступіць у сілу і пачнецца абмен закладнікаў і палонных.
«Мы створым умовы для наступнага этапу адводу, які наблізіць нас да заканчэння гэтай 3000-гадовай катастрофы», — дадаў прэзідэнт ЗША.
Акрамя таго, Трамп апублікаваў мапу прапанаванага адводу войскаў у Сектары Газы.

Мірны план Трампа па Сектары Газы
Армія абароны Ізраіля праводзіць маштабную ваенную аперацыю ў Сектары Газы пасля таго, як 7 кастрычніка 2023 года баевікі палестынскай групоўкі ХАМАС уварваліся на тэрыторыю краіны, забілі і ўзялі ў палон дзясяткі ізраільцян.
Вясной гэтага года Ізраіль і ХАМАС правялі некалькі раўндаў мірных перамоваў. Аднак з-за зацягвання абмену закладнікамі і іншай неўступлівасці палестынцаў ЦАХАЛ аднавіў баявыя дзеянні ў анклаве.
З-за працяглага замарожвання перамоваў у верасні ізраільская армія пачала наступ на горад Газа, які з'яўляецца апошнім горадам рэгіёна, што кантралюецца палестынскімі баевікамі.
29 верасня Трамп прадставіў план завяршэння канфлікту ў Газе з 20 пунктаў.
Паводле яго Ізраіль паступова выводзіць войскі з Газы, а пасля ХАМАС вызваляе закладнікаў і пачынаецца новы этап перамоваў.
4 кастрычніка на патрабаванне Трампа ізраільская армія прыпыніла наступ на Газу.