7 снежня 2025, Нядзеля, 22:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Аднойчы вучань вырашыў кінуць у мяне крэсла»

32
«Аднойчы вучань вырашыў кінуць у мяне крэсла»

Беларускія настаўнікі распавялі пра булінг з боку вучняў.

У нядзелю, 5 кастрычніка, у Беларусі адзначаюць Дзень настаўніка. Педагогаў у гэты дзень звычайна віншуюць, даруюць падарункі і дзякуюць за працу. Праўда, гэта калі адносіны з вучнямі добрыя, — а так бывае далёка не заўсёды. Часам (і асабліва часта на пачатку кар’еры) настаўнікі нават становяцца ахвярамі сапраўднага булінгу з боку дзяцей. «Зеркало» пагаварыла з настаўнікамі, якія траплялі ў такія сітуацыі, пра тое, з чым ім даводзілася сутыкацца: ад кпінаў і абраз да крэслаў, што ляцелі ў іх бок.

Імёны герояў у тэксце зменены дзеля іх бяспекі.

«Дзяўчына ўзяла і парвала падручнік гісторыі проста на ўроку»

Працаваць настаўнікам Аляксей, якому цяпер 34 гады, пачаў у 2015 годзе — тады ён скончыў ВНУ і па размеркаванні паехаў у школу ў адзін з райцэнтраў выкладаць гісторыю. Але з булінгам упершыню сутыкнуўся крыху раней, яшчэ падчас універсітэцкай практыкі.

— Я такі энтузіяст, таму забраў амаль усе гадзіны [заняткаў у розных класах] кіраўніцы практыкі. Адзінае, яна мне не давала выпускныя класы. Але аднойчы падчас занятку там яе выклікала дырэктарка, а я якраз быў у школе, адпачываў. Таму мяне папрасілі замяніць — і пайшоў у дзявяты клас, без падрыхтоўкі, без нічога. А там тэма якраз была мая самая любімая — Кастусь Каліноўскі, паўстанне 1863 года, — успамінае ён. — Але дзяўчаты з таго класа разважалі іначай: «О, наша настаўніца не прыйшла, мы пафарбуем пазногці». Я кажу: «Дзяўчаткі, ну паслухайце, калі ласка». А яны пачалі мяне абражаць. Прычым рабілі гэта сістэмна цягам 15 хвілін. У мяне яшчэ не выпрацавалася [рэакцыя], я ніколі з такім не сутыкаўся, не было алгарытму, як на такое адрэагаваць. Потым проста выйшаў з класа, папрасіў валяр’янкі. Пасля гэтага тры тыдні ў школу не прыходзіў зусім — гэта быў досыць моцны псіхалагічны ўдар.

Праблемай было тое, што ва ўніверсітэце будучых настаўнікаў ніяк не рыхтавалі да падобных сітуацый, дадае Аляксей. Вядома, нам выкладалі педагогіку і псіхалогію, але ніхто не тлумачыў ні як правільна рэагаваць у выпадку булінгу, ні як спраўляцца са сваімі пачуццямі.

— Важна разумець, што курсы педагогікі і псіхалогіі тэарэтызаваныя. Там вельмі мала практыкі, па сутнасці. І нічога з вывучанага мне не дапамагло, бо ніхто не тлумачыў, як выкарыстаць усё тое, што напрыдумлялі псіхолагі і педагогі цягам стагоддзяў, — кажа ён.

Праз нейкі час Аляксей змог «узяць сябе ў рукі», вярнуўся на практыку. Але з’явілася пачуццё насцярожанасці: ён пастаянна ўнутрана рыхтаваўся да найгоршых сцэнарыяў. І гэта пачуццё засталося і тады, калі ён ужо выйшаў на паўнавартасную працу — па размеркаванні суразмоўца трапіў у невялікі райцэнтр. Там з самага першага дня школьнікі пачалі здзекавацца з маладога настаўніка.

— Падлеткі пачалі выпрабоўваць мяне на моц, гэта быў восьмы клас — самы вясёлы ўзрост. Асабліва актыўны быў хлопец Кірыл. Яму было жартам што-небудзь кінуць у настаўніка, абразіць яго на дошцы, — расказвае суразмоўца. — Аднойчы падчас урока ён вырашыў кінуць у мяне крэсла. Звычайнае [школьнае] крэсла, з металічнымі ножкамі. Тое праляцела побач з кафедрай. Карацей, гэтага хлопца трэба было пільнаваць, кожны трэці ўрок весці да дырэктара.

За два гады працы ў той школе ў яго бок крэсла ляцела тройчы, успамінае ён. Паўплываць на паводзіны школьніка не атрымлівалася: «Дзіця выказвала свае максімальныя эмоцыі, і яго «штырыла» не па-дзіцячы». Не дапамагалі і размовы з бацькамі. У выніку настаўнік стаў ставіцца да такіх інцыдэнтаў з гумарам (зазначае, што без яго ў школе працаваць вельмі складана): «Ну вось, Кірыл зноў запусціў у мяне крэсла». Памагала і тое, што булінг быў толькі ў асобных класах. Быў і тыя, у якія хацелася ісці на ўрок, — і гэта вельмі важна, удакладняе мужчына.

— Але праблемы на гэтым не скончыліся. Быў сёмы клас, на год малодшы. І там быў Коля, якога таксама нічога не спыняла. Аднойчы ён размаляваў крэсла крэйдай, а я на яго сеў. Некалькі разоў падкладаў кнопку, што прывучыла мяне на ўсё жыццё правяраць крэсла, — дзеліцца беларус. — Малявалі маладых настаўнікаў разам, як мы займаемся каханнем (у гэтым узросце ідзе максімальнае сэксуальнае развіццё), а потым падкладалі нам. Альбо проста зрывалі ўрокі.

Такія сітуацыі вельмі ўскладнялі працу, прызнаецца Аляксей. Асабліва цяжка было ў першыя месяцы, а потым ён прывык.

— Безумоўна, першы раз, калі крэсла ў мяне паляцела, вочы былі па пяць капеек. Але другі раз гэта ўжо было не так цікава. Трэці раз я проста набраў класнага кіраўніка і кажу: «Ваш шаноўны спадар зноў шпурнуў у мяне крэсла». І працягнуў урок як нічога ніякага.

Проста загартоўваешся ў гэтыя моманты, — робіць выснову ён. — І потым увогуле разважаеш так: «Фух, а сёння Кірыл у мяне крэсла не кінуў. Круцяк жа, нармальна ўрок прайшоў».

Да паводзінаў падлеткаў мужчына ставіўся з разуменнем: тлумачыць іх у першую чаргу гарманальнай перабудовай, з якой нічога не зробіш. І замест спробаў ціснуць на дзяцей варта шукаць да іх падыход, лічыць настаўнік. Напрыклад, досведным шляхам Аляксей знайшоў для сябе рашэнне: «складаных» дзяцей стараўся максімальна загружаць на ўроках, каб у тых не заставалася «магчымасці прадыхнуць».

— Вядома, тут шмат залежыць ад бацькоў. Ёсць дзеці-жыўчыкі, халерыкі па характары. Але калі бацькі прыклалі намаганні, каб іх выхаваць, то і паводзіны добрыя. Калі бацькі не прыклалі намаганняў — атрымліваецца тое, што атрымліваецца. Вядома, псіхалагічна цяжка хадзіць у класы, дзе ёсць такія дзеці, — прызнаецца ён.

Пасля заканчэння адпрацоўкі суразмоўца вярнуўся ў родны горад (гэта абласны цэнтр) і пачаў шукаць працу там. Вакансія знайшлася хутка — знаёмая сям’і якраз працавала ў адной са школ. Праўда, праблемы з асобнымі вучнямі працягваліся і на новым месцы.

— Па-першае, я прыйшоў працаваць не ў найлепшую школу горада. Там былі свае праблемы, свае прусакі, свае падыходы. Напрыклад, яны размяркоўвалі добрых дзяцей у адзін клас, а кепскіх — у іншы. І адсюль комплексныя праблемы, — распавядае ён. — І вось у такіх складаных класах пачалі здарацца выпадкі булінгу. Было такое, што дзеці сфатаграфавалі мяне падчас урока і ў сваім Instagram выклалі з нейкім негатыўным подпісам. Гэта было крыўдна, бо я ў гэты клас укладаў шмат сіл, даваў вялікую колькасць розных цікавых матэрыялаў. Вядома, пакрычаў на іх трохі, хлопцы схадзілі да сацыяльнага педагога, пагаварылі пра гэта. Але ў выніку ўсё замялі пад дыван.

У новай школе Аляксею далі класнае кіраўніцтва. З гэтымі дзецьмі таксама аказалася няпроста: калі ў пятым класе кантакт знаходзіўся без праблем, то з пачаткам пераходнага ўзросту ўсё стала складаней.

— Былі дзяўчаткі, якія ў пятым-шостым класе — ну проста анёлкі. А ў сёмым-восьмым акурат сталі самымі адпетымі хуліганкамі, пачалі трохі буліць. Напрыклад, адна дзяўчына ўзяла і парвала падручнік гісторыі проста на ўроку. І крычала мне, што ненавідзіць гісторыю, не будзе хадзіць на заняткі. Такая рэакцыя была на тое, што я паставіў ёй васьмёрку замест дзясяткі. Але я спакойна да гэтага паставіўся. Асноўнай праблемай было тое, што я пазней хадзіў і шукаў па кніжных крамах гэты падручнік гісторыі Беларусі. Таму што класны кіраўнік нясе адказнасць за гэта: кніжкі бяруць дзеці, але спытаюць з настаўніка, — тлумачыць ён.

Расказваючы пра свой досвед, Аляксей разважае: верагодна, прычына булінгу была ў яго спакойным, нават лагодным характары.

— Я магу быць патрабавальным, але не ўмею быць строгім. І для мяне галоўнае, каб дзеці любілі мой прадмет, каб ім была цікавая вучоба. Гэтым прынцыпам я больш-менш кіруюся, стаўлюся да іх з дабрынёй. Шмат з кім яна працуе, але і жорсткія людзі сустракаюцца заўсёды. Яны бачаць тваю дабрыню — і спрабуюць такім чынам скарыстацца ёй, — робіць выснову ён.

Апошнія некалькі гадоў Аляксей працуе ў беларускай анлайн-школе ва Украіне. З установы адукацыі ў нашай краіне яго звольнілі ў 2020-м — там не спадабалася палітычная пазіцыя педагога. З-за спецыфікі новай працы з булінгам цяпер ён не сутыкаецца, распавядае суразмоўца.

— Усе, хто вучыцца анлайн, прыходзяць па веды. Такога, як кажуць, серпентарыя няма. Кожны сам за сябе, таму гэта прастора без булінгу. І ў гэтым адзін з нешматлікіх плюсаў анлайн-навучання: дзеці, траўмаваныя школамі, у нас знаходзяць прытулак і могуць урэшце атрымаць дакументы, — упэўнены ён. — Мінус, вядома, у адсутнасці калектыву — камунікацыйныя навыкі патрэбныя, і нічога ты з гэтым не зробіш. Але дакладна лепш за дзяржаўныя школы ў тым фармаце, у якім яны ёсць цяпер. Вялікія класы па 30 чалавек, якія выгадныя эканамічна, але ў якіх складана працаваць, скіраванасць на тое, каб «убіць» дзецям у галаву веды, замест таго каб вучыць іх разважаць. Чалавецтва развіваецца, а беларуская школа трошкі не паспявае. І булінг, па сутнасці, — гэта рэакцыя на тое, што дзецям нецікава на ўроках.

Траўля з боку вучняў не паўплывала на любоў Аляксея да настаўніцтва, запэўнівае ён. Вядома, у моманце (асабліва ў пачатку) кожная сітуацыя ўспрымаецца востра і балюча, але з часам становіцца лягчэй.

— Я чалавек эмацыйны, выпускаю ўсё, што мне трэба выпусціць. Дазваляю сабе ў складаных момантах паплакаць, прагаварыць сітуацыю. Бывалі такія моманты, што я проста вечарам заснуць не мог. І, вядома, хацелася звольніцца. Але праходзіць час — і зноў з задавальненнем штосьці выкладаю. Таму што мне падабаецца працаваць з дзецьмі, — дзеліцца ён.

«Цябе трымаюць за дурня, ты гэта разумееш, але нічога не можаш зрабіць»

За 20 гадоў працы настаўніцай 40-гадовая Любоў змяніла не адну школу. Цяпер жанчына выкладае ў вялікім раённым горадзе. З булінгам упершыню сутыкнулася ў самым пачатку працы, як і Аляксей.

— Гэта былі прычэпкі да майго знешняга выгляду з боку вучняў васьмога класа — хлопцаў. Здзекі, мімаходныя заўвагі. Ідуць па школе натоўпам і пачынаюць кідаць абразлівыя заўвагі — дзесьці ў спіну, дзесьці ў твар. Прычым гэта былі дзеці, у якіх я нічога не вяла, яны мяне не ведалі. Відаць, распазналі лёгкую ахвяру сярод маладых настаўнікаў і накінуліся. Ад тых, з кім я займалася, ніякага негатыву не сыходзіла. А я толькі прыйшла тады працаваць, працавала першы год, і проста не ведала, што рабіць, як адрэагаваць, — успамінае жанчына.

З-за гэтага настаўніца вельмі перажывала. Па-першае, не разумела, што адбываецца і што рабіць. Па-другое, проста не была гатовая да такога павароту падзей.

— Нас ніхто гэтаму не вучыў. Псіхалогія ў педінстытуце — гэта ў асноўным біяграфіі псіхолагаў. А як паводзіць сябе ў такіх сітуацыях, ніхто не кажа, — дзеліцца яна. — Вядома, можна было пайсці да начальства. Але справа ў тым, што педагагічнае асяроддзе даволі таксічнае — яно ў многім засталося савецкім. І калі ты прыйдзеш скардзіцца, цябе ж і абвінавацяць: калі дзеці з цябе здзекуюцца, значыць, сам вінаваты. Канкрэтна ў той школе была даволі слабая адміністрацыя, якая гэтыя пытанні не вырашала, а пускала на самацёк.

Вырашэнне праблемы тады прыйшло нечакана. Любоў была класнай кіраўніцай, і яе дзеці заўважылі такія напады на настаўніцу. А паколькі яны былі старэйшыя за тых, хто здзекаваўся, узялі ўсё ў свае рукі.

— Аднойчы я выходзіла са школы і ўбачыла, як мае дзеці праводзяць выхаваўчую гутарку з гэтымі хлапчукамі. Урэшце самага заводзілу галавой у гурбу засунулі, — распавядае яна. — Паколькі на той момант мой працоўны дзень скончыўся, я вырашыла ніяк на гэта не рэагаваць. І ўсё, булінг спыніўся. Тады я зразумела, што з падобным можна змагацца, але, на жаль, толькі сілай.

У кар’еры беларускі былі і іншыя прыклады булінгу. Гэта былі хутчэй адзінкавыя выпадкі (з сістэмнай траўляй Любоў не сутыкалася), але адчуванні ўзнікалі не самыя прыемныя.

— Былі пагрозы, і практычна на пустым месцы. Чалавек спісвае з тэлефона кантрольную работу, а потым даказвае мне, што не спісваў, хоць я бачыла. Пачынаецца газлайтынг (форма псіхалагічнага гвалту, калі маніпулятар адмаўляе факты, што адбыліся, спрабуючы прымусіць ахвяру сумнявацца ў успрыманні рэальнасці. — Заўв. рэдакцыі). Потым прыходзіць яго мама, пачынае абвінавачваць мяне ў хлусні. Ідуць у ход абразы, пагрозы і гэтак далей, — успамінае настаўніца. — Сітуацыя ў выніку вырашылася на маю карысць, бо клас быў сведкам.

Сярод прыкладаў траўлі з боку вучняў беларуска называе і сексуалізаваныя выказванні. Звычайна — з боку хлопцаў у адрас настаўніц.

— Сексуалізаваныя рэчы ад вучняў настаўнікі чуюць пастаянна. Дзеці могуць каментаваць знешнасць проста на ўроку: «Ой, якая ў вас класная фігура». Але такога не павінна адбывацца, — упэўненая яна. — Мне такіх каментароў ніхто не рабіў, але з калегамі — было. Справа ў тым, што часта хлопцы не ўспрымаюць жанчыну як аўтарытэт. У гэтым праблема.

Нярэдка здараецца і газлайтынг. Прычым гэта можа рабіць як адзін вучань, так і ўвесь клас, распавядае суразмоўніца.

— Увогуле звычайная гісторыя. Настаўнік кажа: «Я задаваў вось гэта». А дзеці ўсім класам: «Не, што вы, вы нам не задавалі, ні ў якім разе», — прыводзіць яна прыклад. — Ці хтосьці спісвае, ты заўважаеш, а ў адказ: «Не, я не спісваю». Яшчэ могуць зрабіць так. Правяраеш пісьмовую работу, закрэсліваеш памылку — дзіця атрымлівае сшытак, само сіняй ручкай выпраўляе, вяртаецца і кажа: «Вы мне памылкова выпраўілі. Я спачатку ўсё правільна напісаў». Гэта вельмі непрыемна: цябе трымаюць за дурня, ты гэта разумееш і нічога не можаш зрабіць.

Праўда, Любоў хутка знайшла рашэнне праблемы: цяпер проста фатаграфуе работы тых, хто можа паспрабаваць маніпуляваць. І ўвогуле даўно прыстасавалася да падобных сітуацый, навучылася абараняцца. А яшчэ падбіраць школы, у якіх адміністрацыя сочыць за паводзінамі дзяцей.

— З досведам пачынаеш перажываць крыху менш, але ў любым выпадку гэта заўсёды непрыемна. Не бывае так: «Вось, чарговы газлайтынг ад новых дзяцей, і я зусім не перажываю». Гэта заўсёды сітуацыя гвалту, і ты заўсёды ў ёй церпіш. Нават калі ты ўжо мільён разоў перажывала падобнае, — дзеліцца суразмоўніца. — Але я стала спакайней ставіцца да такога, таму што разумею: часта такі дзіця не шчаслівы. Ад добрага жыцця ніхто не будзе бегаць і траўляць настаўнікаў або іншых вучняў. Альбо яны проста не ўсведамляюць, што робяць. У дзяцей у пачатковай школе, пятым-шостым класах яшчэ не да канца развіта эмпатыя. Таму з імі працуюць толькі дакладныя правілы: «Вось гэта можна, а вось гэта нельга». Тым, хто старэйшы, можна тлумачыць: «Тое, што ты робіш, — гэта газлайтынг. Ты трымаеш мяне за дурніцу, гэта від гвалту». І калі яны гэта разумеюць, такога становіцца меней.

Да падобных паводзінаў з боку вучняў Любоў ставіцца філасофскі: «Заўсёды будуць няшчасныя дзеці, якія хочуць самасцвердзіцца за кошт іншага чалавека». І ўспрымае гэта як частку сваёй працы, як і неабходнасць раз за разам тлумачыць школьнікам, як трэба сябе паводзіць.

— Праблему вырашае нармальная адміністрацыя ў школе. Калі нешта такое адбываецца на ўроку, настаўнік ідзе да кіраўніцтва — і запускаецца сістэма. Выклікаюць бацькоў у школу, калі размова не прыносіць вынікаў і яны не могуць знайсці ўпраўу на дзіця — тады выклікаецца міліцыя. Афармляецца пратакол за абразу настаўніка, бацькі атрымліваюць штраф. Справа разглядаецца на камісіі па справах непаўналетніх. На жаль, з людзьмі, якія прывыклі жыць у гвалце, працуе толькі гэта. Педагагічныя метады не заўсёды эфектыўныя.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках