На мяжы Літвы і Беларусі затрымалі п'янага дальнабойніка
1- 5.10.2025, 11:36
- 8,212
Беларускі бок вылучыў дзіўную версію.
У пункце пропуску «Мядзінінкай» памежнікі затрымалі п'янага кіроўцу, які накіроўваўся ў Літву. Грамадзянін Малдовы кіраваў цягачом з грузам. Пра гэта паведаміла літоўская Служба аховы дзяржаўнай мяжы.
Інцыдэнт адбыўся 2 кастрычніка. Калі грузавік з паўпрычэпам заехаў на пункт пропуску, ягоны кіроўца, 56-гадовы грамадзянін Малдовы, прад'явіў дакументы на сябе і на аўтамабіль. Памежнікі западазрылі, што кіроўца можа быць п'яны: ад яго зыходзіў рэзкі пах алкаголю, маўленне было няўнятнае, а рухі — нес каардынаваныя.
Супрацоўнікі з дапамогай сертыфікаванага алкатэстара вызначылі ў малдаваніна цяжкую ступень ап'янення — 2,58 праміле алкаголю. Кіроўцы з такой ступенню ап'янення падлягаюць крымінальнай адказнасці ў Літве. На пытанне, ці ўжываў замежнік спіртныя напоі, ён пацвердзіў, што выпіў напярэдадні ўвечары.
Пра здарэнне праінфармавалі Вільнюскае акруговае ўпраўленне паліцыі. Калі іх супрацоўнікі прыбылі на памежны пункт, праверка алкатэстарам дала яшчэ большы паказчык. Амаль праз гадзіну пасля першага тэсту ў замежніка была пацверджана цяжкая ступень ап'янення (2,87 праміле). Як адзначыў літоўскі бок, перад уездам у Літву п'янаму кіроўцу грузавіка давялося прайсці праверку беларускімі супрацоўнікамі на кантрольна-прапускным пункце «Каменны Лог», размешчаным перад Мядзінінкайскім ПП.
Беларусы адказалі на гэтае абвінавачанне. У Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі паведамілі, што ў «Каменны Лог» малдаванін уехаў 1 кастрычніка ў 23.34 у цвярозым стане, паспяхова прайшоў мытны кантроль а 23:54 і пашпартны — а 23:55. Літоўскія службы прапусцілі яго на сваю тэрыторыю толькі праз каля 14 гадзін чакання. «Такі працяглы час чакання выезду, відаць, і стаў падставай для здзяйснення падобных дзеянняў (ужывання алкаголю)», — адзначыла беларускае ведамства.