Узброеныя сілы Украіны пайшлі наперад і вызвалілі тэрыторыі ў Пакроўскім раёне
2- 5.10.2025, 11:42
- 4,354
Камандуючы Сіламі тэрытарыяльнай абароны раскрыў падрабязнасці.
Украінскія вайскоўцы вызвалілі 180 квадратных кіламетраў у Пакроўскім раёне і ачысцілі амаль 200 кв. км ад расійскіх дыверсійных груп. Пра гэта паведаміў камандуючы Сіламі тэрытарыяльнай абароны Узброеных Сіл Украіны генерал-маёр Ігар Плахута у інтэрв’ю «Укрынформу».
«Нашы падраздзяленні працуюць па ўсіх напрамках, але найбольш актыўна — на самых «гарачых» — гэта і Купянскі, і Тарэцкі, і Новапаўлаўскі. Усе напрамкі складаныя, але, напэўна, цяпер самы складаны — Пакроўскі, бо ён з’яўляецца напрамкам галоўнага ўдару праціўніка, таму тут фіксуецца больш за ўсё спробаў ажыццяўлення штурмавых дзеянняў, але Сілы абароны адбіваюць гэтыя спробы», — запэўніў ён.
Паводле слоў камандуючага, на гэтым напрамку цяпер вядзецца контрнаступ і паступова адбіваюцца акупаваныя праціўнікам тэрыторыі.
Платуха дадаў, што сітуацыя на гэтых напрамках застаецца складанай не толькі для падраздзяленняў Сіл тэрытарыяльнай абароны, але і для ўсіх Сіл абароны Украіны.
Вайсковец падкрэсліў, што армія РФ актыўна выкарыстоўвае авіяцыю для нанесення ўдараў КАБамі і спрабуе ўсталяваць шчыльны агнявы кантроль, ужываючы артылерыю і беспілотнікі, з-за чаго ўскладняюцца лагістыка і эвакуацыя.