У Львоўскай вобласці РФ забіла цэлую сям'ю
3- 5.10.2025, 12:15
- 9,784
Сярод загінулых — 15-гадовае дзіця.
У Львоўскай вобласці павялічылася колькасць ахвяр і пацярпелых пасля масіраванай атакі Узброеных Сіл РФ. Паводле паведамлення мясцовай пракуратуры, у выніку атакі загінула сям'я ў вёсцы Лапаеўка Львоўскага раёна.
На месцы ўдару разбураны жылы дом, у якім загінула сям'я з чатырох чалавек, сярод якіх — 15-гадовае дзіця, гаворыцца ў заяве Львоўскай абласной пракуратуры.
«У выніку траплення варожага аб'екта разбураны жылы дом у в. Лапаеўка. На месцы ўдару загінула сям'я з 4 чалавек, сярод якіх — 15-гадовая дзяўчынка. Яшчэ адзін член сям'і, а таксама дзве жыхаркі суседніх дамоў з траўмамі рознай ступені цяжкасці шпіталізаваныя ў медыцынскія ўстановы. Яшчэ тром пацярпелым дапамогу аказалі на месцы», — указваюць пракуроры.
Праваахоўнікі дадаюць, што на тэрыторыі Львова і вобласці зафіксаваны шэраг трапленняў па прамысловых і энергетычных аб'ектах. Цяпер пачата дасудовае расследаванне па ч. 2 арт. 438 КК Украіны — парушэнне законаў і звычаяў вайны, што пацягнула гібель людзей.
Кіраўнік вайсковай адміністрацыі Львоўшчыны Максім Казыцкі паведаміў, што яшчэ восем дамоў у Лапаеўцы былі пашкоджаныя з-за варожага ўдару.
«У Лапаеўцы вораг трапіў па жылой забудове. Паводле папярэдняй інфармацыі, у выніку ўдару адзін дом разбураны, яшчэ восем — пашкоджаныя», — напісаў кіраўнік АВА.


Цяпер колькасць ахвяр у вобласці ўзрасла да шасці, указвае Казыцкі. На месцы абстрэлу знаходзяцца профільныя службы, якія ліквідуюць наступствы атакі. Пазней у ГСЧС Львоўскай вобласці паведамілі, што ў вёсцы Лапаеўка пашкоджаны шэраг аб'ектаў. Найбольш пашкоджанняў атрымалі, у прыватнасці, жылыя дамы.


«На месцах трапленняў бесперапынна працуюць усе экстрэнныя службы: ратавальнікі, медыкі, паліцыянты, а таксама псіхолагі ГСЧС, якія аказваюць дапамогу пацярпелым», — указваюць у ведамстве.
Пазней прадстаўнік ГСЧС Львоўскай вобласці Віталь Туроўцаў паведаміў журналістам «Суспільне», што ратавальнікі здолелі дастаць чатырох чалавек з-пад завалаў. Цяпер працягваюцца пошукі людзей, якія маглі апынуцца пад заваламі пасля ракетна-дронавай атакі РФ.
Сёння Узброеныя Сілы РФ атакавалі Львоў дронамі, «Кінжаламі» і «Калібрамі». У горадзе раніцай упершыню за доўгі час грамадскі транспарт не выйшаў на маршруты.