СБУ працуе ў кантынентальным маштабе: ад Прыморска да Орска
- Аляксей Копыцька
- 5.10.2025, 13:47
- 3,412
Украіна стварае «перамовныя карты», атакуючы Расію на тысячы кіламетраў.
Традыцыйная рубрыка «Малюк і сябры ўводзяць санкцыі».
Учора (публікацыя ад 4 кастрычніка — рэд.) дроны СБУ датягнуліся да прадпрыемства «Орскнефтеоргсинтез».
Гэта НПЗ у Арынбургскай вобласці на ўжо традыцыйнай для ЦСО «А» дыстанцыі — амаль 1500 км. Некалькі момантаў.
1. Фраза пра тое, што тэрыторыя РФ прастрэльваецца ад Балтыкі да Урала, — гэта не перабольшанне, а руціна. СБУ рэгулярна даказвае, што навучылася абыходзіць эшаланаваную ППА/ПРА. Значыць, у людзей Малюка ёсць і адпаведныя тэхнічныя сродкі, і адэкватная гнуткая тактыка.
Трэба адзначыць працу ўсіх структур Сіл абароны па стварэнні праломаў у расійскай абароне.
Напрыклад, учора ССА паведамілі пра паражэнне ў Варонежскай вобласці двух аб’ектаў: РЛС П-14Ф «Лена», якая прыкрывала авіябазу ў Бутурлінаўцы, а таксама Трасавага радыёлакацыйнага комплексу (ТРЛК) «Сопка-2», які якраз быў нацэлены на маніторынг паветранай абстаноўкі ўздоўж мяжы з Украінай.
Няцяжка ўбачыць, куды накіраваны вектар праз Варонеж. Паволжжа і Урал гарантавана атрымаюць больш увагі.
2. У Расіі не спадаюць праблемы з сітуацыйным дэфіцытам паліва. Улічваючы, што кожны НПЗ мае свой арэал паставак, стварэнне непрыемнасцяў раней не закранутаму заводу — гэта дадатковыя складанасці для РФ. Бо сістэма разбалансуецца, больш зрываў.
У гэтай сувязі ўдар СБУ па адносна аддаленым ад цэнтральнай часткі РФ заводзе памяншае магчымасці манеўру палівам. Вайскоўцы выкарыстоўваюць тэрмін «ізаляцыя раёну/тэатра баявых дзеянняў». Мае месца пэўны аналаг.
3. Пачынаецца перыяд публікацыі аналітычных дадзеных па выніках трох кварталаў 2025-га. Учора Мінфін РФ якраз апублікаваў лічбы.
Нафтагазавыя даходы РФ у верасні 2025-га зменшыліся (год да года) на 24,5%.
За 9 месяцаў 2025-га нафтагазавыя даходы федэральнага бюджэту РФ зменшыліся на 20,6%.
Акрамя гэтага, расійскі бюджэт недаатрымае 26,9 млрд рублёў так званых «дадатковых нафтагазавых даходаў», за кошт якіх напаўняліся «кубышкі» рэзерваў.
У сувязі з гэтым Мінфін РФ плануе ў кастрычніку прадаць раней набытыя валюту і золата на суму 13,9 млрд рублёў. У кастрычніку 2024-га дадатковыя даходы складалі 100 млрд рублёў. То-бок, зніжэнне — на парадак.
У цэлым за 9 месяцаў аб’ём дадатковых нафтагазавых даходаў быў пазітыўны, расіяне закупілі валюты і золата на 160 млрд рублёў.
Аднак 4 месяцы запар (ліпень – кастрычнік) яны ідуць у мінус і ўжо дасталі з «кубышак» 70,4 млрд рублёў. Увогуле, санкцыі Малюка і сяброў працуюць.
Цяпер будзе цікава паглядзець на расійскую чыгунку. У 4-м квартале года традыцыйна растуць аб’ёмы пагрузкі нафты і нафтапрадуктаў на сетцы РЖД.
У верасні традыцыйна фіксаваўся сезонны спад. Аднак сёлета «спад» паступова пераходзіць у рэжым штопара. Калі тэндэнцыя захаваецца, гэта будзе яшчэ адзін маркер сітуацыі.
4. Улічваючы руцінную здольнасць дронаў ЦСО «А» пранікаць на 1,5 тыс. км, у расіян вымушана забаліць галава на тэму накрыцця стратэгічнай інфраструктуры, якая раней лічылася практычна неўразлівай.
Напрыклад, у 30 км на ўсход ад пункта прылёту на НПЗ «Орскнефтеоргсинтез» размешчана РЛС далёкага выяўлення «Варонеж-М». Гэта элемент падтрымання «стратэгічнай стабільнасці».
У маі 2024-га ГУР інфармавала пра паражэнне дадзенай станцыі, а таксама аналагічнага аб’екта ў Краснадарскім краі. Тады гэта выглядала як аднаразовы экстрэмальны разрыў шаблонаў на фоне ядзернай істэрыкі Крамля.
Цяпер відавочна, што як толькі Украіна захоча зрабіць РФ уразлівай на ўзроўні стратэгічных сродкаў — гэта будзе неадкладна рэалізавана. Гэта паўнавартасная «карта» на перамовах, якую СБУ за год «наіграла».
А цяпер паглядзім на малюнак.

1. Сёння заявілі пра два важныя вынікі ССА.
Спецназ правёў унікальную аперацыю: паразіў на Анежскім возеры (тэрыторыя Карэліі) малы ракетны карабель «Град» праекта 21631 «Буян-М» у момант пераходу з Балтыкі ў Каспійскае мора.
Карабель пабудаваны ў Татарстане на Зяленадольскім заводзе імя А.М. Горкага, увайшоў у склад Балтыйскага флоту ў канцы снежня 2022 года. З’яўляецца носьбітам ракет «Онікс» і «Калібр». Патэнцыйна — «Цыркон».
Пытанне: навошта Крэмль у момант відавочнага абвастрэння на Балтыцы пераганяе сучасны носьбіт ракет у Каспій?
Адказ: таму што з Каспія ён неўзабаве апынецца ў Чорным моры і будзе атакаваць Украіну. Гэта яшчэ адно сведчанне, як Украіна ўжо цяпер уносіць уклад у забеспячэнне бяспекі на Балтыйскім моры. І чым больш партнёры праінвестуюць у патэнцыял Сіл абароны Украіны, тым спакайней ім будзе.
Таксама ССА нанеслі ўдар па заводзе «Киришинефтеоргсинтез» у Ленінградскай вобласці. Гэта найбуйнейшы НПЗ у еўрапейскай частцы РФ, 14 верасня ён ужо гарыў пасля сумеснай акцыі ССА і СБС.
Згодна з ацэнкай, паражаны шэраг перапрацоўчых установак на розных участках вытворчасці. То-бок, шкода адчувальная.
2. Учора абнародавалі інфармацыю пра нейкія БПЛА, што атакавалі хімічны завод «Азот» у г. Бярэзнікі (Пермскі край). Крыніцы NV паведамілі, што гэта вынік працы 14-га палка СБС. Дроны маглі пераадолець каля 2 тыс. км.
25 верасня СБС нанесла ўдар па заводзе «ЕвроХим — Белореченские удобрения» у Краснадарскім краі. Гэта — канцэнтрацыя намаганняў на вытворцах выбуховых рэчываў і сыравіны для боепрыпасаў.
3. Малюнак у цэлым паказвае вось што. Ацаніце геаграфію, якую здольныя ахапіць дронамі Сілы абароны Украіны. Та ж СБУ працуе літаральна ў кантынентальным маштабе: ад Прыморска да Орска. Падобны патэнцыял, паводле адкрытых крыніц, ёсць у СБС і ССА. Гэта больш, чым уся Еўропа.
Каб раскрыць гэты патэнцыял, трэба:
пераадолець ахоўны рубеж ППА/ПРА, выбудаваны РФ па перыметры Украіны,
прарвацца праз дзяжурную авіяцыю,
абысці аб’ектную ППА, якой абаронены мэты.
Ні адна армія ў свеце дагэтуль не сутыкалася з задачай прарыву эшаланаванай ППА/ПРА такога ўзроўню, у Расіі гэта моцны бок.
Жоўтыя зорачкі — гэта прыклады паспяховай працы па стварэнні праломаў. Знішчаны РЛС рознага класа. «Гармонь» — гэта РЛС для выяўлення і суправаджэння мэтаў на глыбіню 40–80 км, абслугоўвае сістэмы тактычнага ўзроўню.
У СМІ трапляе інфармацыя пераважна пра паспяховыя атакі і «статыстыка» пра перахопленыя Расіяй БПЛА. Скажам, завод «КИНЭФ» у Ленінградскай вобласці спрабавалі атакаваць не раз і не два.
Тое, што мы штодня бачым паспяховыя атакі, даказвае: ударныя сістэмы Украіны ўдасканальваюцца (тут гаворка і пра майстэрства воінаў, іх тактыку), на дадзеным этапе іх магчымасці ўжо перавышаюць рэсурс расійскай ППА/ПРА.
Бо раней да Кірышаў дацягнуцца не маглі, а цяпер дацягваюцца кожныя 2–3 тыдні.
Расіяне развіваюцца, але проста не паспяваюць. Асабліва — калі ёсць задача любой цаной абараніць Маскву і Піцер.
4. Аналіз таго, куды Украіна дацягнулася, непазбежна суправаджаецца ацэнкай: а куды Украіна можа дацягнуцца?
Скажам, у згаданым г. Бярэзнікі (Пермскі край) знаходзіцца прадпрыемства карпарацыі «ВСМПО-АВИСМА» — найбуйнейшага ў свеце вытворцы зліткаў і пракату тытанавых сплаваў.
Карпарацыя настолькі значная, што да яе ніяк не могуць увесці паўнацэнныя санкцыі. Хоць яе ролю ў забеспячэнні агрэсіўнай вайны цяжка пераацаніць.
Нюанс у тым, што яна пастаўляе 25% сусветнага тытанавага пракату. У тым ліку — у ЗША і ЕС. І застацца без гэтай сыравіны вытворцы не хочуць.
Доказана: калі партнёры не хочуць уводзіць санкцыі, гэта пытанне часу, калі іх увядуць «Малюк і яго сябры». Значыць, прадпрыемства трэба абараняць = адцягваць рэсурсы. Альбо нешта прапаноўваць Украіне…
5. Украіна нясе цяжкія страты ад расійскіх нападаў, але адначасова «стварае карты». Разглядаць адно без другога — памылка.
Аляксей Копыцька, «Тэлеграм»