Ілон Маск назваў дату выхаду «Грокіпедыі»
5- 5.10.2025, 16:40
- 2,376
Яна будзе працаваць на базе ўласнага чат-бота бізнесмена.
Абноўленая версія «Вікіпедыі» — «Грокіпедыя», якая працуе на базе чат-бота Grok AI, выйдзе праз два тыдні. Пра гэта амерыканскі бізнесмен Ілон Маск паведаміў у сацсетцы X.
«Ранняя бэта-версія Grokipedia версіі 0.1 будзе апублікаваная праз два тыдні», — напісаў ён.
Пасля канфлікту з «Вікіпедыяй» Маск анансаваў стварэнне абноўленай версіі энцыклапедыі, якая працуе на базе яго ўласнага чат-бота.
Паводле слоў прадпрымальніка, «Грокіпедыя» будзе значна лепшай за існуючую энцыклапедыю і даступнай усім карыстальнікам без абмежаванняў.
Канфлікт Маска з «Вікіпедыяй» цягнецца ўжо даўно. У 2024 годзе ён абвінаваціў заснавальнікаў энцыклапедыі ў палітычнай ангажаванасці і прапанаваў заплаціць $1 млрд для перайменавання «Вікіпедыі» ў «Членпедыю» (Dickipedia).
Заснавальнік «Вікіпедыі» Джымі Уэйлс таксама раскрытыкаваў бізнесмена за блакіроўку ўліковых запісаў турэцкіх апазіцыянераў, а пазней заявіў, што крытыка з боку Маска ідзе на карысць зборам ахвяраванняў для энцыклапедыі.