У Гомельскай вобласці ўвялі каранцін з-за нашэсця шкодніка
9- 5.10.2025, 18:44
- 13,232
Шкоднік знішчае да 300 відаў раслін.
У Гомельскай вобласці — нашэсце амерыканскага белага матылька. У некалькіх раёнах ужо ўведзены каранцін, паведамляюць у эфіры тэлеканала ОНТ. Дрэвы ў населеных пунктах літаральна абвітыя павуціннем, а на вуліцах і ў дварах — тысячы валасатых гусеніц.
Мясцовыя жыхары спачатку не разумелі, з чым сутыкнуліся. Пазней высветлілася: гэта гусеніцы аднаго з самых небяспечных шкоднікаў у свеце — амерыканскага белага матылька. У Беларусі гэты від упершыню выявілі ў 2019 годзе. Ён актыўна распаўсюджваецца дзякуючы мяккаму клімату і грузаперавозкам: лічынкі лёгка хаваюцца ў скрынях з фруктамі і ў тары.
«Болей за мільён гусеніц на адным дрэве можа быць, як цяпер. І калі падыходзіш, чуваць, як яны хрумсцяць, абгрызаючы лісце», — распавяла аграном Алена Сухоцкая.
Шкоднік знішчае да 300 відаў раслін — ад яблынь і груш да арэхаў, шаўкоўніцы і нават клёнаў. Дрэвы застаюцца голымі за лічаныя дні. Паводле слоў спецыялістаў, птушкі не ядуць гусеніц з-за таксічных валаскоў, таму натуральных стрымлівальных фактараў у шкодніка амаль няма.
Амерыканскі белы матылёк — інвазіўны від, родам з Паўночнай Амерыкі. Гусеніцы пакрытыя доўгімі валаскамі і будуюць характэрныя павуцінныя гнёзды. У Беларусі шкоднік дае два пакаленні на год, пры гэтым другое — больш масавае і небяспечнае. Акрамя шкоды для раслін, насякомае здольнае выклікаць алергічныя рэакцыі ў людзей.
У зоне каранціну ўжываюцца стандартныя меры барацьбы: абрэзка і спальванне пашкоджаных галін, знішчэнне апалага лісця і апрацоўка інсектыцыдамі. Жыхароў просяць неадкладна паведамляць пра з'яўленне характэрных гнёздаў у мясцовыя інспекцыі па каранціне і ахове раслін.