У Расіі ўстаноўлены абсалютны рэкорд па колькасці прысудаў за дзяржаўную здраду і шпіянаж
14- 5.10.2025, 20:17
- 6,238
Два чалавекі кожны дзень.
У Расіі за першыя шэсць месяцаў 2025 года суды вынеслі 224 прысуды па справах аб дзяржаўнай здрадзе, шпіянажы і канфідэнцыйным супрацоўніцтве з замежнымі дзяржавамі. Гэта рэкордны паказчык за ўсю сучасную гісторыю краіны. Паводле даных аналітычнага цэнтра Кірыла Парубца, падрыхтаваных для праекта «Першы аддзел», фігурантамі гэтых спраў сталі 232 чалавекі.
Калі ўлічыць, што ў першым паўгоддзі было 117 працоўных дзён, атрымліваецца, што ў Расіі ў сярэднім штодня суд выносіў амаль два прысуды — 1,98. Для параўнання: за ўвесь 2023 год па згаданых артыкулах асудзілі 167 чалавек, а за першае паўгоддзе 2024-га — 143. Усе прысуды абвінаваўчыя, і ўсе асуджаныя атрымалі рэальныя тэрміны.
З пачатку вайны ў Расіі па артыкулах аб дзяржаўнай здрадзе, шпіянажы і канфідэнцыйным супрацоўніцтве былі асуджаныя 774 чалавекі. У 2025 годзе ўпершыню зафіксавана тры выпадкі прымянення да фігурантаў спраў аб дзяржаўнай здрадзе прымусовых мер медыцынскага характару.
Да пачатку паўнамаштабнага ўварвання ва Украіну падобныя справы былі рэдкасцю: да 2022 года суды ў сярэднім выносілі адзін прысуд за дзяржаўную здраду або шпіянаж у месяц. Потым тэмпы рэзка выраслі — 14 у месяц у 2023 годзе, 30 штомесяц у 2024-м і ўжо 39 — у першай палове 2025-га.
Пераважная большасць абвінавачаных — 177 чалавек, або 76% — асуджаныя па артыкуле аб дзяржаўнай здрадзе. У 2024 годзе доля гэтай катэгорыі складала 68%. Распаўсюджанай практыкай ваеннага часу стала сумяшчэнне артыкулаў 275 (дзяржаўная здрада) і 205 (тэракт) у адной крымінальнай справе. Калі да 2023 года такіх выпадкаў не фіксавалася, то ў 2023-м іх было ўжо 12, а ў 2024-м — 104, што складала 29% ад агульнай колькасці. За першае паўгоддзе 2025-га такіх фігурантаў ужо 83, то бок 36%.
У першай палове бягучага года прысуды па справах аб дзяржаўнай здрадзе і шпіянажы выносіліся ў 57 судах, уключаючы восем ваенных, 43 рэгіянальныя і шэсць судоў на акупаваных тэрыторыях, у тым ліку ў Крыме. Для параўнання, годам раней такія справы разглядаліся ў 47 судах. У 2025 годзе ўпершыню прысуды па гэтых артыкулах прагучалі ў Камчацкім краі, Кастрамскай, Курганскай, Пензенскай і Свярдлоўскай абласцях, а таксама ў Удмуртыі і Якуціі. На ваенныя суды прыпала 37,5% усіх асуджаных (87 чалавек), годам раней — 33%.
Яшчэ адна асаблівасць апошніх гадоў — высокі ўзровень сакрэтнасці. З 2023 года расійскія суды хаваюць імёны прыкладна 60% фігурантаў, замяняючы іх фармулёўкай «Інфармацыя схавана». Даныя з судоў на акупаваных тэрыторыях у гэтую статыстыку не ўключаныя.
Колькасць прысудаў па справах аб дзяржаўнай здрадзе і шпіянажы працягвае расці паралельна са справамі тэрарыстычнай скіраванасці. Пасля паступовага павелічэння ў 2020–2022 гадах у 2023–2024 гадах зафіксаваны рэзкі скачок. Паводле ацэнак аналітыкаў, да канца 2025 года колькасць асуджаных па артыкулах аб дзяржаўнай здрадзе і шпіянажы перавысіць 500 чалавек, а па справах аб тэрарызме — каля 1500, піша «Першы аддзел».
У снежні 2024 года Уладзімір Пуцін у сваім звароце да супрацоўнікаў органаў бяспекі запатрабаваў ад ФСБ «больш актыўна выяўляць шпіёнаў і здраднікаў». Ён падкрэсліў, што краіне неабходна «сур'ёзна павысіць якасць працы спецслужбаў», аператыўна спыняць дзейнасць замежных разведак і «змагацца з тымі, хто арганізуе дыверсіі і тэракты». Паводле яго слоў, асаблівыя задачы стаяць перад ваеннай контрвыведкай і пагранічнай службай, а таксама ў сферы супрацьдзеяння экстрэмізму і злачынствам у эканоміцы.