У Францыі прызначаны новы кабінет міністраў
- 5.10.2025, 22:15
- 1,742
Ключавыя перастаноўкі закранулі абаронны і эканамічны блокі.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон увечары 5 кастрычніка зацвердзіў склад урада Себасцьяна Лекорню, прызначанага прэм'ер-міністрам 26 дзён таму. Першае пасяджэнне кабінета адбудзецца ў панядзелак.
Ключавыя перастаноўкі закранулі абаронны і эканамічны блокі. Былы міністр эканомікі Бруно Ле Мэр цяпер узначаліць Міністэрства ўзброеных сіл і па справах ветэранаў. Яго пасаду ў Мінфіне заняў Ролан Лескюр, які раней курыраваў прамысловасць. Большасць міністраў захавалі свае пасады: Жэральд Дарманэн застаўся кіраўніком Мінюста і заявіў пра планы будаўніцтва новых турмаў. Жан-Ноэль Баро працягне кіраваць МЗС.
Паводле атачэння Лекорню, прэм'ер патрабаваў ад міністраў быць «перамоўцамі» і шукаць кампрамісы з парламентам, дзе ўрад не мае большасці і дзе яму пагражае вотум недаверу. Першая прыярытэтная задача — прыняцце бюджэту да канца года. У камандзе адзначаюць, што кабінет спалучае пераемнасць і абнаўленне: каля трэці міністраў не ўваходзілі ў папярэдні ўрад.
Апазіцыя сустрэла прызначэнні рэзкай крытыкай. Лідар ультраправога «Нацыянальнага аб'яднання» Жордан Бардэла назваў склад «ратавальным плытом апошніх макраністаў» і папярэдзіў, што вынесе ўраду вотум недаверу. Злева лідар «Непакорнай Францыі» Жан-Люк Меланшон заявіў, што гэта «картэж палітычных прывідаў з шэрагаў правых», і паабяцаў, што ўрад «не ўтрымаецца». Яго паплечнік Эрык Кокрэль запатрабаваў датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў, заявіўшы, што Францыі навязваюць «урады тых, хто прайграў».
Гэта ўжо трэці ўрад Францыі за апошнія 13 месяцаў. Пасля датэрміновых парламенцкіх выбараў у чэрвені 2024 года змянілася некалькі прэм'ер-міністраў: кабінет Мішэля Барнье пратрымаўся менш за тры месяцы, затым у снежні ўлада перайшла да Франсуа Байру, але ў верасні 2025-га яго ўрад не атрымаў даверу Нацыянальнай асамблеі.