Улады не спраўляюцца з даўгабудамі
- 6.10.2025, 2:59
- 3,166
Сёлета іх стала больш на 450.
Камітэт дзяржаўнага кантролю прааналізаваў, як чыноўнікі змагаюцца з даўгабудамі, і прыйшоў да высновы: усе неабходныя меры не прынятыя. За першае паўгоддзе ўлады разабраліся з 58 папярэднімі даўгабудамі і не даглядзелі, як з'явіўся 451 новы. Пра гэта гаворыцца ў дакуменце, які «Белсату» перадала арганізацыя BELPOL.
«Аналіз вынікаў працы за першае паўгоддзе 2025 года паказаў, што праца з даўгабудамі патрабуе істотнай актывізацыі», – адзначаецца ў дакуменце Камітэта дзяржаўнага кантролю ў адрас урада.
Ведамства папракнула «мясцовыя выканаўчыя органы і дзяржаўныя органы рэспубліканскага ўзроўню» ў тым, што яны не прынялі ўсіх неабходных мер для вырашэння праблемы.
На пачатак года ў Беларусі было 399 даўгабудаў, і за шэсць месяцаў іх стала менш на 58. Аднак за гэты ж час у краіне з'явіўся 451 новы даўгабуд:
«То бок тэмп іх прыросту амаль у 8 разоў вышэйшы за тэмп скарачэння. Гэта сведчыць пра непрыняцце эфектыўных мер па недапушчэнні з'яўлення новых аб'ектаў звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва».
У Камітэце дзяржаўнага кантролю таксама падлічылі, што больш за палову даўгабудаў закінутыя ў прамым сэнсе: ніякія працы там не вядуцца, і ўжо не менш за дзесяць гадоў ступень гатоўнасці гэтых аб'ектаў не змяняецца.
97 даўгабудаў у краіне «мазоляць вочы» яшчэ з 1970–90-х гадоў, 59 аб'ектаў, хоць і не дабудаваныя, фактычна эксплуатуюцца. Акрамя таго, у пераліку — 27 фермаў, 20 жывёлагадоўчых аб'ектаў, чатыры шматкватэрныя дамы, а таксама тры даўгабуды, якія чыноўнікі хацелі выкрасліць са спісу паводле фіктыўных справаздач.
Камітэт дзяржаўнага кантролю папрасіў Савет міністраў адзвітавацца наконт прынятых мер, каб «да канца бягучай пяцігодкі», што заканчваецца сёлета, хоць неяк выправіць сітуацыю.
Дакументы, якія перадала «Белсату» арганізацыя BELPOL, сведчаць, што ўлады не спраўляюцца як з буйнымі, так і з невялікімі праектамі.
Напрыклад, у Брэсцкім раёне з 2009 года не могуць прывесці да ладу свідравіну для разліву вады ў гаспадарцы «Дубраўушка-Агра». Аб'ект гатовы на 99% і ў такім стане знаходзіцца ўжо 10 гадоў. Планавалі дабудаваць у 2021 годзе, на гэта патрабавалася 5 тысяч рублёў, аднак работы не скончылі, а замест гэтага вырашылі прадаць свідравіну. Аднак з 2022 года на яе не знайшлося пакупнікоў.
І ў адным шэрагу з гэтым даўгабудам — 6-я чарга будаўніцтва трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна. «Планавалася завяршэнне будаўніцтва ў 2024 годзе з неабходнасцю 45 млн рублёў бюджэтных сродкаў. Аднак мера не выкананая і на пачатак 2025 года не скарэктавана», – канстатуецца ў дакуменце Камітэта дзяржаўнага кантролю. Праўда, гатоўнасць гэтага аб'екта — 91%, а будаўніцтва не спынена.