Зяленскі пра масіраваны ўдар па Украіне: Кампаненты для дронаў РФ дагэтуль ідуць з ЗША, Кітая і Еўропы
4- 6.10.2025, 5:14
- 4,340
Украіна перадала партнёрам прапановы па абмежаванні схем паставак камплектуючых РФ.
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, каментуючы сённяшні масіраваны ўдар па Украіне, заявіў, што Расія проста смяецца з Захаду, адкідваючы ўсе мірныя ініцыятывы і працягваючы ўдары па грамадзянскай і газавай інфраструктуры. Украіна будзе змагацца, каб свет не маўчаў і каб Расія адчула адказы, сказаў прэзідэнт падчас звароту.
«І, на жаль, няма годнай, моцнай рэакцыі свету на ўсё тое, што адбываецца. На пастаяннае павелічэнне маштабу і нахабнасці удараў. Менавіта таму Пуцін гэта і робіць: ён проста смяецца з Захаду, з таго маўчання і адсутнасці моцных дзеянняў у адказ», — сказаў Зяленскі.
Па яго словах, у кожнай расійскай ракеце і ўдарным дроне ёсць кампаненты, якія дагэтуль пастаўляюцца ў Расію з краін Захаду, і «на чацвёртым годзе вайны ўжо проста дзіўна чуць, што нехта не ведае, як спыніць пастаўкі крытычных кампанентаў».
«Толькі ў адной расійскай ракеце «Кінжал» змяшчаецца 96 кампанентаў замежнай вытворчасці, многія з іх — сапраўды крытычныя кампаненты, якія сама Расія не вырабляе. Амаль 500 дронаў, якія расіяне ўжылі ў ноч на сёння, — гэта больш за 100 тысяч кампанентаў замежнай вытворчасці. Усё гэта трэба спыняць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы і дадаў, што сярод вытворцаў кампанентаў ёсць кампаніі з ЗША, Кітая, Тайваня, Вялікабрытаніі, Германіі, Швейцарыі, Японіі, Рэспублікі Карэя, Нідэрландаў.
Ён дадаў, што на наступным тыдні запланаваная сустрэча санкцыйных каардынатараў «Групы сямі».
«І ўсе нашы прапановы па санкцыях, па абмежаванні схем паставак ёсць, у партнёраў ёсць. Матэрыялы прадастаўлены — патрэбныя рашэнні. Мы рыхтуем і нашы новыя санкцыі супраць тых, хто працуе на Расію цяпер, на яе вайну, і супраць тых, хто спрабуе аслабіць Украіну ў такі час», — канстатаваў Зяленскі.