ЗСУ правялі ўнікальную па маштабах атаку на РФ
26- 6.10.2025, 12:26
- 34,734
Такога не было ўжо паўгода.
Восем закрытых аэрапортаў, шатдаўн пад Белгарадам, пажары ад Туапсэ да Ніжняга. Расія падвергнулася найбольш маштабнай атацы ўкраінскіх дронаў за паўгода, піша тэлеграм-канал «Можем объяснить».
Аб знішчэнні 251 беспілотніка над 16 рэгіёнамі адрапартавала ваеннае ведамства РФ. Найбольш дронаў збілі над акваторыяй Чорнага мора і анэксаваным Крымам. Гэта самая буйная атака на РФ з сакавіка — тады збілі 337 дронаў, што стала рэкордам з пачатку вайны.
Мэтамі сталі аб’екты энергетыкі і як мінімум адно прадпрыемства, якое выконвае ваенныя заказы:
У Дзяржынску (Ніжагародская вобласць) меркавана атакавалі завод імя Свярдлова — гэта адзін з найбуйнейшых вытворцаў выбуховых рэчываў (прамысловых і ваенных) у Расіі. Губернатар паведаміў пра параненне аднаго чалавека, пашкоджанне якіх-небудзь прадпрыемстваў ён адмаўляе.
У анэксаванай Феадосіі паражаны нафтаналіўны тэрмінал, на ім узнік буйны пажар, барацьба з агнём працягваецца да гэтага часу. Таксама паведамляецца пра выбухі ў раёне Сімферопаля і Еўпаторыі.
Аперштаб Краснадарскага краю паведаміў пра падзенне «абломкаў» на НПЗ у Туапсэ, пацярпелі два ахоўнікі. Уначы ў горадзе былі чутныя выбухі і праца СПА.
У Белгарадскай вобласці пад удар трапілі аб’екты энергетыкі, пацярпелі два чалавекі. Па стане на 7 раніцы 24 населеныя пункты ў рэгіёне заставаліся без электрычнасці.
У Клінцах Бранскай вобласці атакавалі ТЭЦ, у горадзе нейкі час не было цяпла і электрычнасці.
Падчас налёту БПЛА прыпынялі працу аэрапорты Сочы, Геленджыка, Краснадара, Яраслаўля, Калугі, Ніжняга Ноўгарада, Тамбова, Саратава.
Налёт на РФ адбыўся на наступную ноч пасля смертаноснай атакі па Украіне — 5 кастрычніка расійская армія запусціла 50 ракет і каля 500 дронаў, — казаў Уладзімір Зяленскі. 5 чалавек загінулі, 10 атрымалі параненні. Абстрэлы ўзмацніліся пасля канчатковага правалу мірных перамоваў, ініцыяваных вярнуўшымся ў Белы дом Дональдам Трампам.