На адзіным НПЗ чарнаморскага ўзбярэжжа Расіі ўспыхнуў пажар
1- 6.10.2025, 13:11
- 4,980
Завод у Туапсэ апынуўся пад ударам Узброеных Сіл Украіны.
У ноч на панядзелак, 6 кастрычніка, на тэрыторыі Туапсінскага нафтаперапрацоўчага завода, які належыць кампаніі «Раснафта», успыхнуў пажар пасля падзення абломкаў беспілотнага лятальнага апарата. Паводле звестак аператыўнага штаба Краснадарскага краю, узгаранне пачалося ў памяшканні аховы, пацярпелі два чалавекі, піша The Moscow Times.
Туапсінскі НПЗ — адзіны нафтаперапрацоўчы завод на чарнаморскім узбярэжжы Расіі. Прадпрыемства экспартнай накіраванасці мае ўстаноўку першаснай перапрацоўкі нафты АВТ-12 магутнасцю 12 мільёнаў тон у год. Завод не вырабляе таварныя аўтабензіны і нізкасерністае дызельнае паліва для ўнутранага рынку, аднак выпускае нафту, мазут, вакуумны газойль і дызельнае паліва з утрыманнем серы 0,7%.
Гэта не першая атака дронаў на аб’ект. 17 мая Туапсінскі НПЗ ужо спыняў працу з-за пажару, выкліканага ўдаром БПЛА. Тады была пашкоджаная секцыя рэктыфікацыі прапана-бутанавай фракцыі, але асноўныя атмасферная і вакуумная калоны не пацярпелі. Перапрацоўка нафты на прадпрыемстве аднавілася толькі 1 ліпеня.
Раней, 14 сакавіка, губернатар Краснадарскага краю Веніямін Кандрацьеў паведамляў пра ўзгаранне рэзервуара з нафтапрадуктамі на тэрыторыі завода таксама пасля атакі беспілотнікаў. Пажар тады ўдалося цалкам ліквідаваць да 17 сакавіка.