Пуціна вымусілі імпартаваць паліва
8- 6.10.2025, 15:56
- 3,622
Украіна вырабляе і запускае дроны хутчэй, чым РФ паспявае рамантаваць пашкоджаныя аб’екты.
Масква сутыкнулася з паліўным крызісам, выкліканым сістэмнымі ўдарамі Украіны па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах. Паводле даных выдання «Коммерсант», каля 40% магутнасцяў расійскіх НПЗ выведзеныя з ладу, што прымусіла Крэмль працягнуць забарону на экспарт бензіну і ўвесці частковыя абмежаванні на экспарт дызелю, піша National Security Journal (пераклад — сайт Charter97.org).
У выніку ў асобных рэгіёнах Расіі і ў акупаваным Крыме назіраецца дэфіцыт паліва, насельніцтва ў паніцы скупляе бензін і растуць цэны на паліва. Каб стабілізаваць сітуацыю, улады плануюць бязмытны імпарт бензіну праз Далёкі Усход і субсідыі для імпарцёраў, якія пакрываюць розніцу паміж унутранымі і сусветнымі цэнамі.
Расія мае намер набываць паліва ў Кітаі, Паўднёвай Карэі, Сінгапуры і Беларусі. Акрамя таго, разглядаецца адмена забароны на таксічную дабаўку — монометыланілін, якая выкарыстоўваецца для павышэння актанавага ліку.
Да паставак падключаныя буйныя нафтавыя кампаніі — «Роснефть», Незалежная нафтагазавая кампанія (ННК) і дзяржаўная «Промсырьеимпорт». Яны плануюць штомесяц дастаўляць каля 150 тысяч тон паліва ў цэнтральныя рэгіёны Расіі.
Эксперт Томас О’Доннелл адзначыў, што Украіна вырабляе і запускае дроны хутчэй, чым Расія паспявае рамантаваць пашкоджаныя аб’екты. Паводле даных Financial Times, з жніўня 2025 года ўкраінскія сілы атакавалі не менш як 16 з 38 расійскіх НПЗ, што знізіла экспарт дызелю да мінімальнага ўзроўню з 2020 года.
Падзенне даходаў ад экспарту нафтапрадуктаў пагражае фінансаванню вайны Расіі супраць Украіны. Кіеў тым часам заклікае саюзнікаў узмацніць энергетычныя санкцыі, а прэзідэнт ЗША Дональд Трамп запатрабаваў ад ЕС спыніць імпарт расійскай нафты і газу, звязаўшы далейшую падтрымку Украіны з гэтым крокам.