7 снежня 2025, Нядзеля, 12:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Справа для Лукашэнкі пахне керасінам

15
Справа для Лукашэнкі пахне керасінам
Фота: Getty Images

Дыктатара мабілізавалі ратаваць палаючую «бензакалонку» Пуціна.

Расія мае намер рэзка павялічыць імпарт бензіну з Беларусі. Прычына відавочная: украінскія дроны ўсё часцей дасягаюць расійскіх НПЗ і ладзяць там магутныя феерверкі. Ці ўдасца разагрэць рукі на гэтых пажарышчах рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, каментуе «Позірку» палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі.

Ужо да канца жніўня, паводле падлікаў Reuters, украінскія ўдары парушылі працу найменш 17% нафтаперапрацоўчых магутнасцяў РФ. Цяпер эксперты кажуць пра 25%. У выніку краіна, якую іранічна называюць вялікай бензакалонкай, ахопленая жорсткім паліўным крызісам. Уводзяцца ліміты на куплю бензіну: у Крыме, напрыклад, наліваюць толькі па 20 літраў.

У выніку расійскія ўлады вымушаныя скупляць гаручае на знешніх рынках. У прыватнасці, вырашылі ў гэтым плане падоіць брацкую Беларусь.

«Старэйшы брат» даводзіць паказчык

— Расія імпартуе бензін, прычым у розных геаграфіях: і ў Азіі, і з Кітая і іншых краін. І ў Еўропе, у прыватнасці з Беларусі. Гэта адзін з вынікаў пуцінскай вайны. Краіна-бензакалонка не прадае, а імпартуе бензін, — з задавальненнем адзначыў нядаўна ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

Тым часам, паводле звестак «Коммерсанта», віцэ-прэм’ер РФ Аляксандр Новак звярнуўся да кіраўніка ўрада Міхаіла Мішусціна з прапановай у кастрычніку павялічыць пастаўкі беларускага бензіну ў Расію да 300 тыс. тон у месяц. У верасні Беларусь прадала ўсходняй суседцы 45 тыс. тон.

Тут варта нагадаць, што 26 верасня Аляксандр Лукашэнка па выніках перамоваў з Уладзімірам Пуціным у Крамлі заявіў, у прыватнасці:

«Па нафце мы дамовіліся — у нас сур’ёзныя дамоўленасці, праблем ніякіх няма».

Ён не стаў канкрэтызаваць, але прагучала гэта як дасягненне. Хоць кіраўнік Беларусі часта блефуе, можна дапусціць, што Пуцін даў пэўныя прэферэнцыі. Але нават калі так, то, як бачым, не за так. Узамен ён, верагодна, якраз і папрасіў дапамагчы з гаручым. Вельмі пераканаўча папрасіў. І вы ж разумееце: калі пра нешта настойліва просіць «старэйшы брат», ад якога ты залежыш цалкам і поўнасцю, адмовіць немагчыма.

Факт у тым, што праз некалькі дзён, 2 кастрычніка, Лукашэнка правёў закрытую нараду па тэме нафтаперапрацоўкі. Шырокай публіцы паведамілі толькі, што «акцэнт <�…> быў зроблены на паляпшэнні эфектыўнасці і павелічэнні аб’ёмаў» вытворчасці.

Але нетрудна дапусціць, што гаворка ішла менавіта пра тое, як забяспечыць пастаўкі паліва Маскве. І так, каб і яе ўлагодзіць, і самім не застацца ў накладзе.

А што ж ваш хвалёны бензін Еўропа перастала купляць?

На першы погляд, гэта той выпадак, калі каму вайна, а каму маці родная. Вось жа пад бокам велізарны рынак збыту. Але не ўсё так проста.

Сваім часам Лукашэнка, як гэта едка сфармулявалі недабразычліўцы, атрымліваў ад Расіі нафту ў абмен на пацалункі. Потым Масква пачала патрабаваць усё больш у адказ. Пачаліся нафтавыя войны.

Тым не менш заклятыя саюзнікі раз за разам міраліся, і ў тлустыя гады выгадны продаж нафтапрадуктаў у Еўропу і Украіну (!) прыкметна папаўняў беларускі бюджэт (і чыесьці асабістыя кішэні).

Але 2020 і 2022 гады сталі рокавымі адсечкамі. Захад абклаў Мінск санкцыямі. Экспартаваць нафтапрадукты ў далёкае замежжа даводзіцца ўжо не праз блізкую літоўскую Клайпеду, напрыклад, а праз неабсяжную Расію, што павялічвае кошт лагістыкі і падразае прыбытак.

Да таго ж умовы закупкі нафты ў РФ сталі менш выгоднымі. У прыватнасці з-за таго, што там завяршыўся падатковы манеўр, у сувязі з якім Масква выплачвала Мінску кампенсацыі.

У сакавіку гэтага года, выступаючы ў Савеце Федэрацыі РФ, Лукашэнка прызнаўся, што яго НПЗ нерэнтабельныя. Сакрушаўся:

«Што вы трымаецеся за нафту, газ, у вас жа дзяваць іх няма куды. <�…> Ну давайце дамаўляцца. У нас жа два нафтаперапрацоўчыя заводы могуць перапрацаваць 25 млн тон. <�…> Добрыя заводы вырабляюць добрае паліва. Еўропа ў свой час купляла».

Так, купляла, прычым добра плаціла.

А што ж цяпер не купляе? Можа, беларускі кіраўнік пачаў разбаўляць гаручае? Ды не, Еўропа круціць нос не ад бензіну, а ад рэжыму, што задушыў пратэсты 2020 года, а потым яшчэ і стаў саагрэсарам.

І так, трэба было моцна насаліць Украіне, каб яна адмовілася ад паліўнага імпарту з Беларусі, які быў ёй край патрэбны.

Даўальніцкая схема: Мінск застанецца без навара?

Мы не ведаем, на якой цане нафтавога пытання сышліся (калі сышліся) Мінск і Масква цяпер. Але дагэтуль шэраг незалежных беларускіх эканамістаў сцвярджалі, што пастаўляць бензін у Расію Беларусі нявыгадна, іншыя рынкі больш маржынальныя. Калі гэтым разам Пуцін не стаў рабіць шырокіх жэстаў, а проста сказаў «ну трэба, Саша», то вялікіх барышаў беларускі бок не атрымае.

У сувязі з гэтым кідаецца ў вочы і такі момант: Новак у звароце да Мішусціна адзначае, што магчымасць павялічыць імпарт бензіну з Беларусі залежыць, у прыватнасці, ад запуску даўальніцкай перапрацоўкі нафты.

Гэта азначае, што расіяне будуць завозіць на НПЗ у Мазыры і Наваполацку сваю сыравіну і забіраць гатовае паліва, а беларусам дастанецца толькі плата за перапрацоўку. Магчымасць прадаваць выраблены бензін на сусветных рынках з вялікай маржай у такім выпадку адпадае.

То-бок беларускую нафтавую сферу проста мабілізуюць на латананне ў расійскай эканоміцы велізарных дзірак, прабітых украінскімі дронамі.

Дадаючы да ўсяго, у перспектыве не выключаны дэфіцыт паліва ўжо ў самой Беларусі. З 2021 года Белстат сакрэтнічае даныя пра нафтавую сферу. Але мы ведаем, што ў 2020-м беларускія НПЗ вырабілі 3224 тыс. тон аўтамабільнага бензіну. У 2023 годзе, паводле прыкідак BEROC, яны вярнуліся да давоеннага ўзроўню аб’ёмаў перапрацоўкі нафты. Цяпер паказчыкі наўрад ці істотна адрозніваюцца ад давоенных.

У такім разе нескладаны падлік паказвае, што пры штомесячных пастаўках 300 тыс. тон бензіну ў Расію беларусам нічога не застаецца на ўнутранае спажыванне. У лепшым выпадку — застаецца з гулкін нос.

Праўда, паводле ўскосных звестак, Мазырскі НПЗ і наваполацкі «Нафтан» цяпер працуюць толькі на 60–65% магутнасці. Але калі яны павялічаць аб’ёмы вытворчасці па даўальніцкай схеме, то навар, зноў падкрэслім, будзе мізэрны.

Да таго ж «запыт Расіі павялічыць імпарт бензіну да 300 тыс. тон у месяц фактычна падводзіць беларускія НПЗ да працы на верхняй планцы вытворчых магчымасцяў», адзначыў у каментары «Позірку» незалежны эканаміст Алесь Гудыя.

Паводле яго слоў, «хаця фармальна рэзерв для забеспячэння ўнутранага рынку застаецца, ён будзе мінімальны: хопіць толькі ўпрытык на бягучыя патрэбы, прычым без гарантыі ўстойлівасці пры любым збоі ў пастаўках нафты або на транспарце».

— У 2021 годзе два НПЗ ужо выходзілі прыблізна на 345 тыс. т бензіну ў месяц, але гэта было на піку і пры іншай канфігурацыі рынкаў. Цяпер заяўка Масквы азначае амаль поўную мабілізацыю рэсурсаў з адмовай ад больш маржынальных напрамкаў і з вычарпаннем складскіх запасаў за кароткі перыяд, — рэзюмаваў эканаміст.

«Інтэграцыя» з імперыяй робіць рэжым усё больш таксічным

Акрамя ўсяго, як прагназуюць шэраг экспертаў, беларускія ўлады могуць учыніць у сваім духу — выдаткі, звязаныя з «брацкай дапамогай» ваюючай імперыі, перакладуць на кашалькі беларусаў. То-бок пачнуць паднімаць цэны на бензін.

А яшчэ Лукашэнка збіраецца за кошт расійскіх грошай пабудаваць другую АЭС, пра што таксама гаварыў з Пуціным у верасні. Не бяда, што электрычнасць і так няма куды дзяваць. Беларускі кіраўнік гатовы вырашаць праблему збыту за кошт «забеспячэння электраэнергіяй усходніх раёнаў, вызваленых Расіяй: Херсонскай, Запарожскай <�…> Луганскай, Данецкай <�областей> і гэтак далей». Чаго толькі вартая сама фармулёўка «вызваленыя раёны»!

Так званая інтэграцыя з агрэсіўнай імперыяй робіць рэжым Лукашэнкі не толькі ўсё больш залежным ад яе, але і ўсё больш таксічным.

Так, у кароткатэрміновай перспектыве беларускія ўлады і прыгрэтая імі дзельцы могуць урваць капейку, спекулюючы на праблемах Крамля ў сувязі з яго вайной супраць Украіны. Але ў доўгатэрміновай перспектыве гэта шлях у адваротны бок ад развітага свету.

«Расія — гэта бензакалонка, якая спрабуе выдаць сябе за краіну», — саркастычна адзначыў у 2014 годзе амерыканскі сенатар Джон Маккейн. Цяпер Расіі ўсё цяжэй выдаваць сябе нават за бензакалонку.

На вырашэнне паліўнага крызісу Масква, як бачым, мабілізуе ўжо і «малодшага брата». Але нават калі высмактаць увесь беларускі бензін, не факт, што прыйдзе выратаванне. Украінскія дроны б’юць па расійскім нафтавым сектары ўсё часцей і злей.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках