Цана золата ўпершыню ў гісторыі перавысіла важны ўзровень
- 7.10.2025, 15:06
- 4,336
Колькі каштуе 1 грам?
Золата завяршыла сёмы тыдзень росту, у выніку чаго кошт каштоўнага металу ўпершыню ў гісторыі перавысіў $4000 за унцыю, або амаль $130 за 1 грам. Гэта звязваюць з крызісамі ў ЗША і Францыі, зменай урада ў Японіі і ажыўленым попытам на метал у Кітаі.
Пра гэта паведамілі ў Forbes Ukraine, спасылаючыся на даныя Нью-Ёркскай таварнай біржы (COMEX). Згодна з імі, на таргах 7 кастрычніка снежаньскія ф'ючэрсы на золата падаражэлі на 0,6% і дасягнулі адзнакі $4000,1 за унцыю, плаціна вырасла на 0,5% — да $1632,51 за унцыю, срэбра — на +0,1% — да $48,56 за унцыю
Рэкордны рост золата адбыўся на фоне нарастання палітычнай нявызначанасці ў вядучых сусветных эканоміках. А менавіта:
З 1 кастрычніка ў ЗША працягваецца першы за сем гадоў шатдаўн — у гэты час дзяржаўным установам забаронена траціць грошы, а большасць дзяржаўных службоўцаў адпраўляюць у неаплатныя адпачынкі.
Чаканне далейшага змякчэння грашова-крэдытнай палітыкі з боку Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША. Удзельнікі рынку ацэньваюць верагоднасць зніжэння стаўкі ФРС на кастрычніцкім пасяджэнні на 25 б.п. — да 92,5%.
Урадовы крызіс у Францыі — прэм'ер-міністр Себасцьян Лекорню падаў у адстаўку, але прэзідэнт Эмануэль Макрон даручыў яму сфарміраваць новы ўрад; пры гэтым не выключаюцца датэрміновыя парламенцкія выбары.
Новым лідарам кіроўнай Ліберальна-дэмакратычнай партыі Японіі стала Санаэ Такаіці, якая можа стаць першай жанчынай-прэм'еркай, з-за чаго курс іены рэзка знізіўся, а аблігацыі ўпалі ў цане.
Краіны з рынкамі, што развіваюцца, працягваюць актыўна скупляць золата, а Народны банк Кітая ў верасні павялічыў залатыя рэзервы ўжо адзінаццаты месяц запар — да 74,06 млн тройскіх унцый.
Як паведамляе KITCO, тэхнічны аналітык Bank of America Пол Чыяна папярэдзіў пра магчымую карэкцыю золата. Эксперт сцвярджае, што золата ўжо ў значнай ступені рэалізавала свой патэнцыял росту і цяпер выглядае перакупленым.
«Розныя тэхнічныя сігналы і ўмовы на розных часавых інтэрвалах папярэджваюць пра знясіленне ўзыходнага трэнду, паколькі цана золата набліжаецца да 4000 долараў за унцыю. Калі гэта адбудзецца, у чацвёртым квартале можа адбыцца кансалідацыя або карэкцыя», — заявіў Пол Чыяна, калі золата яшчэ таргавалася на ўзроўні $3960 за унцыю.
Адзначаецца, што з пачатку года кошт каштоўнага металу вырас на 50%, што стала для яго найлепшым паказчыкам з 1979 года. Аналізуючы патэнцыял золата, Чыяна спрагназаваў два вектары развіцця:
калі метал паўторыць сваю траекторыю 2015 года, то цэны могуць вырасці на 400% і пераадолець узровень 5000 долараў за унцыю;
калі ж паўторыцца бычыны рынак 2000-х гадоў — золата можа таргавацца бліжэй да 7000 долараў за унцыю.