Партызаны падарвалі ваенны цягнік пад Пецярбургам
3- 7.10.2025, 17:55
- 7,744
З рэек сышоў састаў з грузам для арміі РФ — рух паралізаваны.
У Ленінградскай вобласці РФ партызаны ўчынілі выбух на чыгунцы. У выніку аперацыі з рэек сышоў цягнік, які перавозіў ваенны груз.
Пра гэта «РБК-Украіна» паведамілі крыніцы ў разведцы.
Паводле інфармацыі суразмоўцаў выдання, 7 кастрычніка раніцай на чыгуначным перагоне «Строганово-Мшинская» прагрымеў выбух. У выніку з рэек сышлі лакаматыў і вагоны цягніка з ваенным грузам. Такім чынам, рух цягнікоў па напрамку Санкт-Пецярбург — Пскоў быў паралізаваны.




У РЖД патлумачылі прыпыненне руху цягнікоў на перагоне «Строганово-Мшинская» «тэхнічнымі прычынамі». Грузавыя і пасажырскія цягнікі накіроўваюць абыходным шляхам з затрымкамі на некалькі гадзін.
Паводле інфармацыі з адкрытых крыніц, на месца інцыдэнту расіяне накіравалі спецслужбы. Таксама там расчыщаюць шляхі ад перакуленых вагонаў. Пры гэтым фота і відэа з месца падзеі няма, паколькі там цалкам адключылі інтэрнэт.
Крыніца «РБК-Украіна» ў Галоўным упраўленні разведкі растлумачыла, што такія аперацыі наўпрост уплываюць на лагістычныя і ваенныя магчымасці РФ, паколькі РЖД — гэта аснова лагістыкі расійскай арміі і значны фінансавы донар ваеннага бюджэту.