СВР Украіны: Крэмль баіцца, што вяртанне акупантаў з фронту можа пагражаць рэжыму Пуціна
4- 7.10.2025, 21:32
- 5,268
Вайскоўцы і мабілізаваныя зняволеныя могуць ператварыцца ў крыніцу сацыяльнага выбуху.
У Расіі непакояцца, што вяртанне з вайны супраць Украіны дзясяткаў тысяч акупантаў і былых зняволеных справакавае ўсплёск злачыннасці і сацыяльную дэстабілізацыю. Пра гэта паведаміла Служба вонкавай разведкі Украіны.
Паводле іх даных, сітуацыю параўноўваюць з 1990-мі гадамі, калі ветэраны афганскай вайны стваралі банды і мафіёзныя групоўкі. Расійскія ўлады нібыта прызнаюць, што і цяпер дэмабілізацыя салдат можа прынесці «сур'ёзныя ўнутраныя рызыкі».
«Па ацэнках Крэмля, ветэраны могуць стаць каталізатарам крымінальнай і палітычнай дэстабілізацыі, здольнай расхістаць сістэму, пабудаваную вакол асабістай лаяльнасці да Пуціна», — паведамляюць у СВР.
Адзначаецца, што справа не толькі ў псіхалагічных траўмах, атрыманых на фронце, або крымінальным мінулым значнай часткі вайскоўцаў. Каталізатарам можа стаць рэзкі кантраст паміж франтавымі выплатамі і ўзроўнем мірнага жыцця — заробак і бонусы акупантаў у некалькі разоў перавышаюць сярэднія даходы па краіне.
«Вярнуўшыся да рэальнасці нізкіх заробкаў і разбуранай эканомікі, ветэраны могуць ператварыцца ў крыніцу сацыяльнага выбуху», — кажуць у разведцы.
Сітуацыю ўскладняе і тое, што да вайны супраць Украіны прыцягнулі дзясяткі тысяч асуджаных. Паводле даных расійскай службы выканання пакаранняў, было мабілізавана ад 120 000 да 180 000 зняволеных. Значная частка з іх ужо вярнулася ў расійскія гарады, дзе расце колькасць цяжкіх злачынстваў з удзелам асоб са статусам вайскоўцаў.
Паводле даных вонкавай разведкі, з 2023 года ў ваенныя суды паступіла не менш як 989 спраў па артыкулах аб забойствах і цяжкіх пабіццях, якія пацягнулі смерць. Таксама ўзрасла колькасць прысудаў па гэтых артыкулах: у 2022 годзе — 38, у 2023-м — ужо 266, у 2024-м — 346, а толькі за дзевяць месяцаў 2025 года суды разгледзелі 377 новых спраў.
Улады РФ рэагуюць на гэта тым, што ўзмацняюць рэпрэсіўныя механізмы. У прыватнасці, службе выканання пакаранняў дазволілі шырэй ужываць спецсродкі супраць зняволеных — ад дубінак і электрашокераў да сабак і вадамётаў. Фармальна гэта зроблена нібыта для «абароны персаналу», а фактычна — каб мець магчымасць кантраляваць зняволеных, якія становяцца ўсё больш агрэсіўнымі.
«Вяртанне з фронту людзей, якія прывыклі да гвалту і беспакаранасці, можа абярнуцца для крамля новай унутранай вайной. Калі спачатку менавіта гэтыя ветэраны былі апорай рэжыму, то з часам менавіта яны могуць стаць сілай, якая разваліць расію знутры», — адзначылі ў разведцы.