9 снежня 2025, aўторак, 9:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праўда пра жыццё вучоных у Беларусі

11
Праўда пра жыццё вучоных у Беларусі

Шмат каму даводзіцца падпрацоўваць прыбіральшчыкамі.

Сайт devby.io распавядае гісторыі супрацоўнікаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

«Увечары я падпрацоўваў клінерам, прыбіраў у офісах ІТ-кампаніі»

Ян, працуе ў адным з аддзелаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 10 гадоў:

— Я ўладкаваўся ў НАН прыкладна дзесяць гадоў таму — трапіў туды па пратэкцыі знаёмага. Да гэтага я займаўся той жа дзейнасцю, якая і планавалася на гэтым працоўным месцы. Ужо быў досвед працы ў навукова-даследчай установе: чатыры гады працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у адным навукова-даследчым цэнтры. У НАН аформілі на такую ж пасаду.

Першыя два-тры гады я займаўся выключна сваёй тэхнічнай справай. Часам мой загадчык казаў, што было б добра апублікаваць артыкул, бо ў штаце аддзела толькі навуковыя супрацоўнікі, галоўным вынікам працы якіх павінны быць друкаваныя матэрыялы. Я не быў супраць, але ніякай навуковай навізны ў маёй працы не было: усе мае штодзённыя працэсы, па сутнасці, былі перанятым досведам аналагічных еўрапейскіх інстытутаў.

Заробак у НАН быў невялікі — плацілі крыху больш за «мінімалку» [сёння мінімальны заробак складае 726 рублёў — НН], але я быў гатовы пацярпець, абы працаваць з унікальнымі матэрыяламі, да якіх меў доступ, і, натуральна, атрымліваў ад гэтага задавальненне штодня. Я не разумеў, як функцыянуе наша ўстанова — і, шчыра кажучы, гэта мне здавалася чымсьці другарадным.

Калісьці я быў аспірантам у адным беларускім ВНУ, але мяне папрасілі адлічыцца, таму на новым месцы працы я часам задумваўся пра паступленне ў аспірантуру. У 2020 годзе давялося папрацаваць з вядомай даследчыцай, яна падказала тэму даследавання, што падштурхнула мяне зноў паступіць у аспірантуру.

На адным мерапрыемстве ўпершыню асабіста пабачыў тагачаснага старшыню НАН і кіраўніка гуманітарнага аддзялення — я перажыў жудаснае расчараванне, бо думаў, што намі кіруюць проста прафесійныя карупцыянеры, але, пачуўшы іхныя прамовы, зразумеў, што яны, калі не дурні, дык людзі абсалютна некампетэнтныя.

Вочнае навучанне ў аспірантуры дазваляе працаваць на паўстаўкі. Аспіранцкая стыпендыя плюс палова заробку малодшага навуковага супрацоўніка — гэта істотны рост даходаў, ужо адчуваў сябе не так дэпрэсіўна. Потым мяне ўпершыню ўзялі на адзін праект, які даваў дадатковыя даплаты, — і ў цэлым стала нядрэнна, зарабляў каля 2 тысяч рублёў.

Але ў сакавіку 2025 года праекты скончыліся — а з імі і даплаты, з таго часу я атрымліваю 1025 рублёў. У нас працавала кандыдат мастацтвазнаўства, якая перавялася ў іншы аддзел, — яна атрымлівала 1250.

У красавіку-траўні ўвечары я падпрацоўваў клінерам, прыбіраў у офісах ІТ-кампаніі (без санвузлоў — толькі працоўныя памяшканні) 5/2 з 19:00 да 23:00 — атрымліваў дадатковыя 700 рублёў у месяц. Як бачыце, заробак прыбіральшчыцы большы, чым у кандыдата навук.

І наогул у Мінску не праблема знайсці вакансію на некваліфікаваную працу з заробкам ад 1,5 тысячы рублёў.

Цяпер нерэгулярна хаджу падпрацоўваць на склад — то машыны разгружаю, то наклейкі на тавар клею. Бо жыць на тысячу няпроста.

Паколькі працую з архіўнымі матэрыяламі, мне заўсёды хацелася арганізаваць нармальнае фондасховішча. Неаднаразова хадзіў з гэтай прапановай да намесніка дырэктара — ідэя яму падабалася, але кожны раз я чуў у адказ, што «памяшканняў няма». Пры гэтым за апошнія 5 гадоў асобныя кабінеты атрымалі тры намеснікі і сакратарка — то бок чатыры кабінеты для іх неяк знайшліся.

У нас часта робяць рамонты: шліфуюць паркет, замяняюць вокны, дзверы, — але купіць нармальныя камп’ютары, прынтары і іншую тэхніку — вялікая праблема. У мінулым або пазамінулым годзе адзін намеснік, які з’явіўся ў нас пасля 2020 года і ўжо пайшоў, набыў ажно 20 персанальных камп’ютараў — кожны коштам па 400 рублёў. Выкінутыя грошы — лепш бы ўзяў два па 4 тысячы рублёў, дык хоць нейкі толк ад гэтай тэхнікі быў бы.

Некалькі гадоў таму да нас на чвэрць стаўкі лабаранта прыйшоў новы сямідзесяцігадовы супрацоўнік — і даволі хутка яму набылі новы прыстойны камп’ютар, МФУ, шырокафарматны прынтар і шмат чаго яшчэ.

А я працягваў трэці год запар хадзіць да намесніка: маўляў, маему камп’ютару ўжо 10 гадоў, USB-порты не працуюць і трэба загадзя планаваць абнаўленне тэхнікі. Даволі хутка новы лабарант дамогся асобнага кабінета з рамонтам — а ўсё таму, што ён сябра кіраўніка.

У часы каранавіруса ў прыбіральнях з’явіўся сродак для дэзінфекцыі рук, пазней, праз паўгода-год, пачалі клаць мыла. Туалетная папера выкладаецца на століку або зліўным бачку толькі падчас міжнародных навукова-практычных канферэнцый або іншых урачыстых падзей.

Стан сантэхнікі сярэдні, пасля 2020 года двойчы былі патопы, пасля першага сур’ёзнага (ў выхадны дзень з шостага паверха, відаць, пакуль не датэкла да вахцёркі, ніхто нічога не рабіў) дэфармаваліся дзверы ўваходаў на паверхі, але іх дагэтуль не памянялі, — аднак чамусьці памянялі дзверы выхадаў на гарышча ў тарцы будынка.

У чэрвені я ўбачыў вакансію з заробкам ад 3 да 6 тысяч рублёў, простым рабочым без кваліфікацыі на вытворчасць цэглы ручнога фармавання. Сур’ёзна задумаўся, ці не звольніцца з НАН, ці не пачаць нармальна зарабляць і жыць? Нядаўна таксама чытаў навіну, што ў Гомелі дармаедаў ледзь не прымусова за кошт дзяржавы навучаюць запатрабаваным спецыяльнасцям — на кіроўцаў, зваршчыкаў і гэтак далей — і падумалася, што было б добра прапанаваць такое супрацоўнікам НАН. Напэўна, многія б пагадзіліся за кошт дзяржавы атрымаць правы на грузавік або аўтобус і нават адпрацаваць за «баранкай» гадоў пяць.

Можна сто разоў казаць: «Ян, абараняйся, не хапае кадраў, нам патрэбныя кандыдаты», — але, атрымліваючы заробак, адразу знікаюць сумневы наконт сваёй запатрабаванасці.

«У дагаворы на поўную стаўку ўбачыла суму каля 580 рублёў»

Васіліса, аспірантка і супрацоўніца НАН Беларусі:

— У 2023 годзе, пасля магістратуры, я па размеркаванні прыйшла ў адзін з інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук. Універсітэт нас натхняў ісці ў навуку, і мне здавалася, што я, падобна да Праметэя, прынясу людзям агонь ведаў. У пэўным сэнсе так і выйшла: апынулася ў аковах і вымушаная мучыцца кожны дзень.

Для маладога спецыяліста НАН Беларусі — гэта свайго кшталту «крэпаснае права». Моладзь прыцягваюць туды па размеркаванні, але не тлумачаць рэальнага стану спраў. А чакае іх сістэма, дзе дамінуе старэйшае пакаленне, якое жыве паводле правілаў савецкага часу. Любая спроба думаць інакш або прапанаваць змены сустракае іх жорсткі супраціў.

Тут працуюць добрыя, разумныя і адданыя сваёй справе людзі, але ўсе яны нібыта завіслі ў гэтай сітуацыі, сталі закладнікамі ўласных і чужых ілюзій. Мяне тут цэняць і стараюцца падтрымаць, за што я бязмежна ўдзячная тым, хто быў на маім баку. Аднак агульная абстаноўка пазбаўляе магчымасці па-сапраўднаму развівацца ў навуцы, рухацца наперад і рэалізоўваць свой патэнцыял.

Пры працаўладкаванні ў дагаворы на поўную стаўку я ўбачыла суму каля 580 рублёў — гэта мяне проста шокавала.

Амаль адразу мне паставілі ультыматум: раз прыйшла працаваць у НАН Беларусі, абавязаная паступіць у аспірантуру — гэта нават не абмяркоўвалася. Пры гэтым конкурсу практычна не было — залічылі ўсіх, хто падаў дакументы.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, я там шмат чаму навучылася — я пішу навуковыя публікацыі, умею граматна выбудоўваць метадалогію даследаванняў і працаваць з вялікім аб’ёмам даных.

Мне яшчэ год вучыцца. Цяпер мой даход складаецца са стыпендыі — 1100 рублёў — і зарплаты на падпрацоўцы ўсё ў той жа Акадэміі навук — гэта каля 400 рублёў, разам прыкладна 1500 рублёў. Але я разумею, што пасля заканчэння вучобы мой заробак зноў рэзка ўпадзе.

Многія думаюць, што абарона дысертацыі — гэта гарантыя поспеху. Але ў нашай сістэме гэта так не працуе. Шанцы на паспяховую і своечасовую абарону часта залежаць не столькі ад навуковай вартасці працы, колькі ад тваёй лаяльнасці і наяўнасці патрэбных сувязяў. Без пратэкцыі можна гадамі стаяць у «чарзе».

Вас цікавіць, як людзі, што там працуюць, выжываюць на заробак у 800 рублёў. Сакрэт просты: многія супрацоўнікі ўжо дасягнулі пенсійнага ўзросту, яны атрымліваюць нядрэнную пенсію, і праца ў Акадэміі для іх — гэта, як яны кажуць, «для душы», каб не сумаваць дома. У суме ў іх нярэдка выходзіць прыстойны даход.

Іншы прыклад — вучоныя сярэдняга ўзросту. Яны ўдзельнічаюць у добра фінансаваных праектах і праграмах, што дазваляе ім зарабляць па некалькі тысяч рублёў. Але каб трапіць у такі праект, трэба быць «сваім» і даказаць шматгадовую адданасць сістэме. Улетку на сходзе нам агучылі сярэдні заробак па інстытуце — 2,5 тысячы рублёў. Гледзячы ў разліковы ліст, я магла толькі дзівіцца, адкуль бяруцца такія лічбы.

У акадэмічным асяроддзі нярэдкія сітуацыі, калі матэрыялы і распрацоўкі маладых вучоных публікуюцца пад імёнамі іншых людзей, часам нават без згадвання сапраўднага аўтара ў шэрагу сааўтараў. Таксама бывае, што дысертацыі пішуць адны людзі, а абараняюцца з імі — зусім іншыя.

Мой план — сыходзіць з гэтага «балота», як бы груба гэта ні гучала. Я разумею, што калі звольнюся, абараніць дысертацыю мне, хутчэй за ўсё, не дазволяць, і з гэтым фактам я ўжо прымірылася. Таму я пайшла на ІТ-курсы і хутка буду шукаць новую працу.

Мне сумна бачыць, як навука ў Беларусі паступова згасае разам з пакаленнем, якое калісьці яе стварала.

«Наш супрацоўнік атрымаў прэзідэнцкую стыпендыю — тады яму перасталі плаціць прэмію»

Ангеліна, была малодшай навуковай супрацоўніцай у НАН Беларусі, цяпер там ужо не працуе:

— Я прыйшла ў Акадэмію навук у 2007 годзе і затрымалася там надоўга. І дагэтуль падтрымліваю сувязі з былымі аспірантамі і магістрантамі.

Я была малодшай навуковай супрацоўніцай — і мой заробак быў такі маленькі (прыблізна 200–250 долараў на рукі), што давялося яшчэ пайсці працаваць у іншае месца на паўстаўкі начамі, а яшчэ я займалася рэпетытарствам.

Калі кіраўніца на асноўным месцы працы даведалася, што я падпрацоўваю яшчэ дзесьці, — урэзала заробак, каб уравнаваць з заробкамі астатніх малодшых супрацоўнікаў. Грошай зноў не хапала, ды і стома накапілася. Я падышла да яе пагаварыць пра тое, што хачу падняць свой заробак, — спытала, што я магу зрабіць для гэтага. А яна адказала, што я павінна кінуць падпрацоўку і браць працу дадому, як гэта робіць яна, і наогул «у навуцы працуюць за ідэю, а не за грошы, а калі патрэбныя грошы — звальняйцеся і ідзіце працаваць у ІТ».

Дарэчы, памятаю, як адзін наш супрацоўнік вызначыўся і атрымаў прэзідэнцкую стыпендыю — тады яму перасталі плаціць прэмію, матывуючы гэта выраўноўваннем заробку з іншымі супрацоўнікамі, якія не атрымалі такой надбаўкі.

Але варта сказаць, што пры гэтым на заробках пенсіянерам у Акадэміі навук не эканомяць — і знаходзяць розныя магчымасці для дадатковага прэміравання, аж да штогадовага ўручэння падзяк за працу ў бягучым годзе.

Навука заўсёды была мне цікавая, але беларуская — не надта. Я думала, што атрымаю ступень — і пайду далей будаваць кар’еру, але якосьці незаўважна для сябе затрымалася ў гэтым балотцы на 10 гадоў.

Так, тут я сустрэла шмат шчаслівай, амбіцыйнай моладзі, якая кожны па сваіх прычынах вырашыла застацца ў краіне — ды яшчэ і ў беларускай навуцы, у якой пасля 90-х не засталося ні якаснага абсталявання, ні банальных умоў (мэбля, якой мы карысталіся, распадалася на шчапу, рэактывы — яшчэ з 60–80-х гадоў, зімой мы працавалі ў верхнім адзенні). Мы падтрымлівалі адно аднаго, абменьваліся досведам і ведамі — бо нам яшчэ жыць доўгае жыццё, хто ведае, дзе хто апынецца.

Але ў астатнім рэчаіснасць не радавала: тон у Акадэміі навук задавалі людзі са стажам больш за 30 гадоў, і яны паўтаралі, што «за проста так нічога не бывае», і «калі хочаце добра жыць, то трэба ісці ў бізнес, а не ў навуку». Але самі пры гэтым знаходзілі магчымасць зарабляць і ў навуцы.

Прывяду ў прыклад стандартную для Акадэміі навук практыку: ёсць нібыта заслужаны вучоны, які больш за 20 гадоў вывучае хуткасць асаджэння пылу на розных паверхнях. Яму чарговы раз трэба атрымаць грошы, але, паколькі яго тэарэтычная праца нікому не патрэбная, ды і за 20 гадоў вычарпаўся крыніца фантазіі, як яшчэ завуаліраваць тэму (па прынцыпе: «Як рэшатам ваду насіць» ператвараем у «Аналіз праблем транспартавання рэчыва ў вадкім агрэгатным стане ў пасудзінах з перфараваным дном») — што ён можа зрабіць? Узяць паболей магістрантаў і аспірантаў. І паколькі ў яго будзе шмат моладзі — ён зможа падаць адразу некалькі праектаў, і запыт ухваляць амаль без праблем, бо на пачатку кар’еры так складана рабіць навуковыя даследаванні без фінансавання. Дый у такім выпадку да аднатэмнасці праектаў менш прэтэнзій (ён жа быццам перадаваць будзе досвед, ствараць навуковую школу).

А на справе кіраўніком усіх праектаў будзе лічыцца сам заслужаны вучоны, і ўсім фінансаваннем будзе распараджацца ён сам: захоча — дасць камусьці прэмію, не захоча — не дасць, захоча — дасць дабро на закуп неабходнага абсталявання або матэрыялаў, а не захоча — не дасць.

Да завяршэння праекта невыдаткаваныя грошы пяройдуць у зарплатны фонд і будуць ім жа падзеленыя ў выглядзе прэмій. І так, тут і спатрэбіцца фраза: «У навуцы заўсёды працавалі толькі за ідэю, грошы зарабляюць у бізнесе, таму сыходзьце — мы нікога не трымаем, а на ваша месца прыйдуць іншыя, бо ў выпускнікоў ёсць размеркаванне, якое трэба дзесьці адпрацоўваць».

***

Імёны зменены

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках