Палітолаг: Сям'я Лукашэнкі хавае грошы на Аравійскім паўвостраве
5- 10,340
Візіт султана Амана мог быць звязаны з таемнымі фінансавымі схемамі дыктатара.
Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі пракаментаваў «Філіну» візіт у Мінск султана Амана Хайсама бен Тарэк Аль Саіда.
Паведамляецца, што абмяркоўваўся «спектр пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва» і «паглыбленне гандлёва-эканамічных адносін».
Што насамрэч можа стаяць за гэтай сустрэчай?
— Думаю, галоўныя дамоўленасці гэтага візіту засталіся па-за кадрам. Ёсць падазрэнні, што гаворка пра бізнес-інтарэсы сям'і Лукашэнкі, — адзначае Класкоўскі. — На перамовах прысутнічаў старэйшы сын кіраўніка дзяржавы Віктар, які афіцыйна не займае ніякіх дзяржаўных пасадаў.
Тым часам відавочна, што Віктар Лукашэнка адыгрывае закулісную ролю ў кантактах з Аманам і іншымі аравійскімі манархіямі — ён часта туды лётае. Тут складана прывесці нейкія доказы, але ёсць факт: тавараабарот за мінулы год з Аманам склаў усяго пяць мільёнаў долараў, а гэта — капейкі.
Зразумела, што пры такім тавараабароце ладзіць сустрэчы з пампай — гэта скуры выдзялкі не варта. Значыць, ёсць падводная частка айсберга.
Ходзяць чуткі, што сям'я Лукашэнкі хавае на Аравійскім паўвостраве свае грошы. Вядома, не злавілі — не злодзей. Але, калі ёсць лішкі сродкаў, то лагічна іх хаваць там, куды Захаду і Амерыцы цяжка дацягнуцца.
Акрамя таго, звяртае ўвагу палітычны аналітык, падчас сустрэчы была падпісаная дэкларацыя аб намерах пабудаваць у Беларусі яшчэ адзін цэлюлозна-кардонны камбінат.
— Гэта выклікае здзіўленне, бо падобнае прадпрыемства ёсць у Добрушы, ёсць камбінат у Светлагорску, які цяпер знаходзіцца ў крызісным становішчы. То-бок, картон і так няма куды дзяваць, навошта яшчэ адно прадпрыемства?
Відаць, тут разлік прыкладна такі: «раскруцім гэтага багатага манарха на грошы, галоўнае — іх распілаваць», а ці будзе гэтае прадпрыемства рэнтабельным, ці будзе попыт на прадукцыю — пра гэта не думаюць.
— Калі асноўная мэта такіх сустрэч — лабіраванне бізнес-інтарэсаў сям'і Лукашэнкі, дык навошта ладзіць афіцыйныя візіты з пампай? Такія размовы, напэўна, маглі б весціся і праз асабістыя кантакты.
— Гэта робіцца дзеля піару. Сапраўды, можна было б вырашаць гэтыя справы цішком. Яно так і робіцца, бо бізнес-джэт Лукашэнкі час ад часу лётае на Аравійскі паўвостраў. Дык што закрытыя кантакты таксама ёсць.
Але для Лукашэнкі важна чарговы раз паказаць, што ніякай ізаляцыі ў яго няма. Ён вельмі задаволены гэтым візітам. Тут яшчэ сама слоўца «султан», відаць, гучыць для яго вельмі прыцягальна.
Лукашэнка не можа абвясціць сябе султанам, хоць дэ-факта па многіх параметрах выйшаў на гэты тытул. І тое, што прыляцеў сам султан, вельмі яму лясціць — ён нават праводзіў яго асабіста ў аэрапорце, хоць пратаколам гэта не прадугледжана. Бачна было, што Лукашэнка хоча дагадзіць гэтаму госцю.
— Апошнім часам выяўляецца ўсё больш бізнесаў, якія належаць сям'і Лукашэнкі. Нядаўна, напрыклад, журналісты высветлілі, што Віктар Лукашэнка падаўся ў рэстаратары.
— І іншы бізнес у значнай ступені пад аўтарытарнай уладай. Недарэмна Захад уводзіць санкцыі супраць бізнесменаў, набліжаных да Лукашэнкі.
Цяпер, відаць, любыя стрыманасці адкінутыя. Старэйшы сын Лукашэнкі адкрыта падаўся ў рэстаратары, сярэдні — узначальвае спартыўны клуб, які карыстаецца вялікімі прывілеямі. Напрыклад, паводле інфармацыі Belpol, гэты клуб з'яўляецца часткай бізнесу БелАЗа. Хоць дзе спорт, а дзе БелАЗы?
Жонка сярэдняга сына Лукашэнкі атрымлівае вялізныя грошы за прыдворныя песні, што ўсхваляюць Лукашэнку, зарабляе на шоу. Нядаўна вось прадала караоке-шоу тэлеканалу СТВ за мільён еўра. То-бок, цяпер сям'я Лукашэнкі нават без маскіроўкі паказвае, што ператварыла краіну ў сваю вотчыну і зарабляе дзе толькі можна.