Навукоўцы адрадзілі забыты балканскі ёгурт на аснове мурашак
3- 8.10.2025, 18:46
- 2,762
Традыцыйны прадукт мае ўнікальны смак і тэкстуру.
Навукоўцы з Тэхнічнага ўніверсітэта Даніі ўзнавілі старажытную балканскую і турэцкую традыцыю прыгатавання ёгурту з дапамогай чырвоных лясных мурашак (Formica). Як высветлілася, ферментацыя малака можа запускацца дзякуючы бактэрыям, кіслотам і ферментам, што змяшчаюцца ў целе насякомых, піша Interesting Engineering (пераклад — сайт Charter97.org).
Паводле слоў кіраўніцы даследавання Леоні Ян, сучасныя ёгурты звычайна вырабляюцца з выкарыстаннем толькі дзвюх бактэрыяльных культур. Аднак у традыцыйных рэцэптах разнастайнасць мікраарганізмаў была значна шырэйшая, што надавала прадукту ўнікальны смак і тэкстуру.
Даследчыкі накіраваліся ў балгарскую вёску, дзе яшчэ памятаюць старадаўні спосаб. Па парадзе мясцовых жыхароў яны змясцілі чатырох мурашак у слоік цёплага малака і пакінулі яго на ноч у мурашніку. Ужо раніцай малако згусла і закісла — атрымаўся першасны ёгурт з лёгкім траўяністым прысмакам.
Лабараторныя аналізы паказалі, што мурашкі ўносяць малочнакіслыя і воцатнакіслыя бактэрыі, а таксама мурашыную кіслату, якая садзейнічае каагуляцыі малака і стварае аптымальныя ўмовы для ферментацыі.
Сумесна з шэф-кухарамі рэстарана ў Капенгагене навукоўцы надалі рэцэпту сучаснае гучанне. Гасцям падавалі тры стравы: марожанае ў форме мураша, сыр з выразнай кіслінкай і кактэйль, ачышчаны з дапамогай «мурашынага малочнага фільтра».
«Навукова даказаць сэнс старажытных традыцый, якія здаюцца міфам, — у гэтым ёсць асаблівая прыгажосць», — адзначыла Ян.