Еўракамісія хоча разгарнуць ударныя беспілотнікі ля межаў з Беларуссю і Расіяй
1- 8.10.2025, 19:12
- 3,814
На выпадак пачатку канфлікту.
Еўракамісія выступае за разгортванне ударных беспілотнікаў ля межаў з Расіяй і Беларуссю ў межах праграмы мілітарызацыі ЕС «на выпадак пачатку канфлікту». Пра гэта заявіў еўракамісар па абароне Андрус Кубілюс, выступаючы ў Страсбургу на слуханнях у Еўрапарламенце па інцыдэнтах з неапазнанымі БПЛА над Еўропай. У сваім акаўнце ў сетцы X ён падкрэсліў: «Давайце не будзем зацягваць з распрацоўкай нашых еўрапейскіх магчымасцяў па барацьбе з беспілотнікамі для прыфрантавых краін на ўсходзе і ўсяго ЕС».
На яго думку, краінам усходняга флангу НАТА неабходна прадугледзець і разгортванне ударных беспілотнікаў, «каб паражаць наземныя цэлі ў выпадку ўварвання праціўніка». Пры рэалізацыі гэтых планаў, падкрэсліў ён, варта выкарыстаць «украінскі досвед». Па меркаванні чыноўніка, стварэнне сістэмы выяўлення дронаў магчыма ўжо цягам года, але для поўнацэннай сеткі, здольнай знішчаць цэлі на сушы і на моры, спатрэбіцца больш часу і значна больш рэсурсаў. Па яго словах, праграма абароны Польшчы і краін Балтыі абыйдзецца прыкладна ў €1 млрд, перадае (The Moscow Times https://www.moscowtimes.ru/2025/10/08/evrokomissiya-hochet-razvernut-udarnie-droni-u-granits-s-ross…
Раней «павіс у паветры» праект стварэння «сцяны ад дронаў», якая павінна абараніць ЕС ад беспілотнікаў. Ён да гэтага часу не атрымаў узгаднення. Рознагалоссі па гэтым пытанні абвастрыліся на нядаўняй сустрэчы лідараў ЕС і саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Капенгагене. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў: «Дроны і абарона ад іх — прыярытэт. Але мы павінны ясна разумець: ідэальнай сцяны для Еўропы не існуе. Мы гаворым пра 3000-кіламетровую мяжу. Ці магчыма яе цалкам закрыць? Адказ — не». Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц, як паведамляе Politico, выступіў супраць ініцыятывы ў «вельмі рэзкіх фармулёўках».
Частка экспертаў і палітыкаў скептычна ацэньвае праект. Член камітэта Еўрапарламента па абароне Ханна Нойман заявіла, што «сцяна ад дронаў» не вырашыць больш глыбокіх праблем: «Яна не абароніць нас ад кібератак, не дапаможа з вытворчасцю боепрыпасаў або структурай прыняцця рашэнняў». Супярэчнасці звязаныя і з фінансаваннем: усходнія краіны ЕС хочуць будаваць сістэму за кошт агульнаеўрапейскіх сродкаў, у той час як лідары паўднёвых краін, уключаючы прэм'ер-міністра Італіі Джорджа Мелоні і кіраўніка ўрада Грэцыі Кірыякоса Міцатакіса, настойваюць, што абарончыя праекты павінны прыносіць карысць усяму саюзу, а не толькі яго ўсходняму флангу.