Залужны: Я не прызнаю ніякіх ідэяў правядзення выбараў падчас вайны
20- 8.10.2025, 19:18
- 12,178
Фота: Reuters
Экс-галоўнакамандуючы Узброеных Сіл Украіны раскрытыкаваў медыя за распаўсюджванне інфармацыі пра яго «падрыхтоўку да выбараў».
Пасол Украіны ў Вялікабрытаніі Валерый Залужны раскрытыкаваў украінскія медыя, якія распаўсюджвалі інфармацыю пра тое, што ён нібыта фарміруе каманду для выбараў, запрашаючы туды вайскоўцаў.
«Я не прызнаю ніякіх ідэяў правядзення выбараў падчас вайны. Кожны, хто атрымлівае прапанову, нібыта ад майго імя, далучыцца да любых працэсаў праз якую-небудзь арганізацыю, павінен паведаміць пра гэта ў праваахоўныя органы. Я не ствараю ні штабоў, ні партый і прынцыпова не маю ніякіх сувязяў з якой-небудзь палітычнай сілай», — напісаў Залужны ў сацыяльных сетках.
Пасол заявіў, што украінскія медыя, маючы магчымасць правяраць інфармацыю, «імгненна разносяць фэйкі ў краіне, што ваюе» і робяць гэта сінхронна з расійскай прапагандай.
Паводле слоў Залужнага, выкарыстоўваючы ананімныя крыніцы, РФ «распыляе нашае грамадства і рыхтуе нас да выбараў, але ў Дзяржаўную думу краіны, якая нас забівае».
«Шкада, што менавіта нашы СМІ не даносяць да грамадзян Украіны стратэгію, у выніку якой мы атрымаем хаця б магчымасць правядзення саміх выбараў. Аднак дзякуючы ім мы ведаем усё пра рэйтынгі, партыі, штабы і нават пра тое, каму варта або не варта займацца палітыкай», — заявіў дыпламат.
Ён таксама адзначыў, што пакуль ідзе вайна, выбары ва Украіне ў яе дзяржаўныя органы «немагчымыя».