7 снежня 2025, Нядзеля, 7:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трамп: Ізраіль і ХАМАС падпісалі першы этап мірнага плана ЗША

Трамп: Ізраіль і ХАМАС падпісалі першы этап мірнага плана ЗША

Усе закладнікі будуць вызвалены.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў, што Ізраіль і ХАМАС падпісалі першую фазу мірнага плана Злучаных Штатаў.

Пра гэта ён паведаміў у сацсетцы Truth Social.

«З гонарам паведамляю, што Ізраіль і ХАМАС падпісалі першы этап нашага мірнага плана», — сказана ў допісе.

Паводле слоў прэзідэнта ЗША, гэта азначае, што ўсе закладнікі ўжо зусім хутка будуць вызвалены, а Ізраіль адведзе свае войскі да ўзгодненай лініі «як першы крок да трывалага, доўгатэрміновага міру».

«Гэта вялікі дзень для арабскага і мусульманскага свету, Ізраіля, усіх суседніх краін і Злучаных Штатаў Амерыкі, і мы дзякуем пасярэднікам з Катара, Егіпта і Турцыі, якія працавалі разам з намі, каб гэта гістарычная і беспрэцэдэнтная падзея стала рэальнасцю», — напісаў Трамп.

Прадстаўнік МЗС Катара Маджэд аль-Ансары пацвердзіў інфармацыю прэзідэнта ЗША, аднак дадаў, што падрабязнасці здзелкі па Газе будуць абвешчаныя пазней.

«Пасярэднікі абвясцілі, што сёння ўвечары было дасягнута пагадненне па ўсіх палажэннях і механізмах рэалізацыі першай фазы пагаднення аб спыненні агню ў Газе, што прывядзе да спынення вайны, вызвалення ізраільскіх закладнікаў і палестынскіх зняволеных, а таксама паступлення гуманітарнай дапамогі», — паведаміў ён у X.

Тым часам у СМІ ёсць інфармацыя, што мірная здзелка (відавочна, поўная) будзе падпісана ўжо сёння, 9 кастрычніка, у Егіпце. Пры гэтым некаторыя выданні ўказваюць, што гэта адбудзецца ў 12:00 па мясцовым часе.

The Times of Israel піша, што, зыходзячы са слоў двух крыніц, ХАМАС вызваліць усіх жывых закладнікаў у суботу.

Таксама пасля паста Трампа выступіў прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху і заявіў, што «з Божай дапамогай мы вернем іх усіх дадому».

Абноўлена

ХАМАС пацвердзіў дасягненне здзелкі і адзначыў, што высока цэніць намаганні «брацкіх пасярэднікаў» у Катары, Егіпце і Турцыі, а таксама намаганні прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

«Мы абвяшчаем пра дасягненне пагаднення, якое прадугледжвае спыненне вайны ў Сектары Газы, вывад акупацыйных войскаў, пастаўку гуманітарнай дапамогі і абмен палоннымі», — цытуе групоўку выданне Al Mayadeen.

Таксама, паводле дадзеных гэтага СМІ, Трамп гарантуе спыненне вайны і першапачаткова вывад 70% ізраільскіх войскаў з Сектара Газы, пасля чаго адбудзецца поўны вывад.

Абноўлена

Неназваны чыноўнік ЗША ў каментарыі Axios заявіў, што вайна ў Газе завершана.

«Вайна ў Газе закончана. Закладнікі будуць вызвалены праз 72 гадзіны пасля таго, як ізраільскі кабінет міністраў ухваліць здзелку. Чакаецца, што вызваленне адбудзецца да панядзелка», — сказаў амерыканскі чыноўнік.

Акрамя таго, прэм’ер Ізраіля Біньямін Нетаньяху анансаваў, што сёння «скліча ўрад, каб ухваліць пагадненне і вярнуць усіх нашых дарагіх выкрадзеных людзей дадому».

Axios піша, што, як лічыцца, 20 з 48 ізраільскіх закладнікаў, выкрадзеных ХАМАС, усё яшчэ жывыя. Ізраіль са свайго боку пагадзіўся вызваліць 250 палестынцаў, якія адбываюць пажыццёвае зняволенне ў ізраільскіх турмах, і 1700 палестынцаў, затрыманых Арміяй абароны Ізраіля ў Сектары Газы з 7 кастрычніка.

Абноўлена

Трамп у інтэрв’ю Fox News удакладніў, што абмен закладнікамі, верагодна, адбудзецца ў панядзелак, 13 кастрычніка.

Таксама ён сказаў, што краіны Блізкага Усходу дапамогуць у аднаўленні Газы, аднак не ўдакладніў, якія менавіта краіны.

«Мы лічым, што Газа стане значна больш бяспечным месцам, і яна будзе аднаўляцца, і іншыя краіны рэгіёна будуць дапамагаць ёй у аднаўленні, бо яны маюць велізарныя багацці і хочуць, каб гэта адбылося. Мы будзем дапамагаць ім дамагчыся поспеху і падтрымліваць мір», — заявіў прэзідэнт ЗША.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках