Трое нямецкіх дэпутатаў «засвяціліся» на вечарыне з нагоды дня нараджэння Пуціна
17- 9.10.2025, 8:43
- 12,942
У Берліне далі ацэнку іх дзеянням.
Трое дэпутатаў зямельнага парламента Саксоніі-Ангальт ад ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (АдГ) прынялі ўдзел у закрытым святкаванні дня нараджэння Уладзіміра Пуціна, якое адбылося ў расійскім пасольстве ў Берліне.
Як паведамляе MDR, падзею арганізаваў прарасійскі ультраправы часопіс Compact, які раней забаранялі за распаўсюджванне антыканстытуцыйных матэрыялаў. Галоўны рэдактар выдання Юрген Эльзэсэр падчас мерапрыемства назваў Пуціна «дзяржаўным дзеячам і патрыётам», які, маўляў, «абароняе заходнія каштоўнасці ад левага Захаду», і пажадаў дыктатару «доўгага жыцця».
Сярод гасцей журналісты заўважылі дэпутатаў ад АдГ — Ганса-Томаса Тыльшнайдэра, Фларыяна Шрэдэра і Франка Ата Лізурэка. У прыватнасці, Тыльшнайдэр ужо вядомы сваімі прарасійскімі выказваннямі і скандальным візітам на акупаваны ўсход Украіны ў 2022 годзе.
Сустаршыня фракцыі АдГ у Саксоніі-Ангальт Алівер Кірхнер пацвердзіў, што ведаў пра ўдзел калег, хоць сам на мерапрыемства не быў запрошаны. Паводле яго слоў, дэпутаты павінны «камунікаваць з усімі бакамі».
Палітычныя апаненты расцанілі ўчынак як чарговае сведчанне прарасійскіх сімпатый АдГ. Лідар фракцыі ХДС Гіда Хойер заявіў, што частка «Альтэрнатывы для Германіі» «страціла сувязь з асновамі свабоднай дэмакрадыі». Прадстаўнік лібералаў з FDP Андрэас Зільберсак заклікаў партыю вызначыцца, «з кім яны палягуць у адну пасцель — з Пуціным ці з Трампам».